Вертыкальшчыкі атрымліваюць пасады, а прадпрыемствы закрываюцца
Нядаўна старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў прадставіў у Ашмянах новага кіраўніка раёна Уладзіслава Гяршгорына, які да гэтага ў Слонімскім райвыканкаме каардынаваў працу па развіццю і выкананню асноўных накірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Слонімскага раёна. Па словах Уладзіміра Краўцова, спадар Гяршгорын зарэкамендаваў сябе кваліфіцыраваным спецыялістам, які валодае арганізатарскімі здольнасцямі і які ўмее дабівацца пастаўленай мэты. Пра дынамічнае эканамічнае развіццё Слонімскага раёна, за што адказваў Гяршгорын, казалі іншыя чыноўнікі і хвалілі яго.
Пакуль Уладзіслава Гяршгорына прызначалі на новую пасаду, на Слонімшчыне ліквідавалі РУСП “Новадзявяткавічы”. Сельская гаспадарка аказалася банкротам. Цяпер яе хочуць прадаць на аўкцыёне за 7 мільёнаў рублёў. Праўда, пры ўмове, што той, хто “Новадзявяткавічы” купіць, павінен сварыць 130 працоўных месцаў на працягу года, а таксама павінен зберагчы дзейнасць па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Пакуль Уладзіслава Гяршгорына прызначалі на новую пасаду, эканамічны суд Гарадзенскай вобласці разглядзеў матэрыялы аб прызнанні Слонімскай СПМК-64 банкротам. Перасоўваючая механізаваная калона-64 запазычыла крэдыторам больш за 650 тысяч рублёў. Прадпрыемства хутка ліквідуюць. І такіх прыкладаў, не толькі па Слонімскаму раёну, можна прывесці на Гарадзеншчыне шмат.
Вось вам і “дынамічнае эканамічнае развіццё” аднаго Слонімскага раёна, за якое адказваў Гяршгорын, і які сёння ўжо узначальвае Ашмянскі раён.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя