Драмтэатры з Гародні і Віцебска прыедуць з гастролямі ў Берасце



Берасцейскі акадэмічны тэатр драмы правядзе абменныя гастролі з тэатрамі Гародні і Віцебска, паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па інфармацыі і арганізацыі гледача БАТД Кацярына Казбяровіч.

Гастролі Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра пройдуць 24 студзеня. На сцэне Берасцейскага акадэмічнага тэатра драмы гледачы ўбачаць камедыю Себасцьяна Цьеры „Грошы як дождж” у пастаноўцы заслужанага артыста Беларусі рэжысёра Сяргея Курыленкі.

Прэм’ера спектакля адбылася ў жніўні мінулага года. У аснове сюжэта ляжыць гісторыя аб адной сямейнай пары, якой давялося прайсці выпрабаванне багаццем.

Берасцейская трупа ў гэты ж дзень пакажа на сцэне Гарадзенскага драмтэатра адну з апошніх сваіх работ, – гратэскавую камедыю „Мяшчанскае вяселле” паводле п’есы нямецкага драматурга Бертальда Брэхта. Яркі спектакль з элементамі клаўнады паставіў запрошаны рэжысёр, лаўрэат розных тэатральных прэмій Ігар Казакоў. Пастаноўку, якой БАТД адкрываў гэты тэатральны сезон, упершыню пакажуць на выездзе.

Затым у рамках абменных гастроляў з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа, якія адбудуцца з 26 па 27 лютага, „Мяшчанскае вяселле” ўбачаць гледачы ў Віцебску. Акрамя гэтага берасцейцы пакажуць французскую камедыю галоўнага рэжысёра БАТД Цімафея Ільеўскага „Дарагі скарб” і дзіцячы спектакль паводле казкі фінскай пісьменніцы Туве Янсан „Мумi-троль і камета” ў пастаноўцы рэжысёра Дзяніса Фёдарава.

Трупа віцебскага тэатра таксама вязе ў Берасце два вячэрнія спектаклі: камедыю „Мая жонка – падманшчыца” ў пастаноўцы Міхаіла Краснабаева і іранічную мілую драму паводле п’есы Фёдара Палачаніна „Шчасце ў доўг”, пастаўленую заслужаным артыстам Беларусі Вячаславам Грушовым. Юным гледачам прызначана музычная казка „Вядзьмарка і дыназаўрык”. Спектаклі пройдуць на беларускай мове.

„Апошні раз з тэатрам імя Якуба Коласа мы абменьваліся гастролямі ў кастрычніку 2017 года. У Гародні выступаем практычна штогод, як і гарадзенскія калегі ў нас. Спадзяёмся, што новыя пастаноўкі БАТД спадабаюцца гледачам гэтых абласных цэнтраў”, – сказала Кацярына Казбяровіч.

belta.by