ЕАБР выдзеліць „Беларуськалію” крэдыт
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) выдзеліць «Беларуськалію» 400 млн даляраў. Адпаведны крэдытны дагавор падпісаны 14 студзеня ў Менску.
Паводле слоў старшыні праўлення ЕАБР Андрэя Бельянінава, сродкі выдзяляюцца на пяць гадоў пад «добрую» працэнтную стаўку.
«Гэта наш першы праект у новым годзе і адзін з самых удалых для банка. Мы дастаткова доўга працавалі над яго падпісаннем, планавалі гэта зрабіць яшчэ ў канцы мінулага года, але атрымалася цяпер. ЕАБР вылучае грошы кампаніі, якая, без сумневу, з’яўляецца »блакітнай фішкай«. Амаль 100% вытворчасці »Беларуськалія« арыентаванае на экспарт, таму мы даем грошы спакойна, без якіх-небудзь дзяржгарантый», – адзначыў расейскі чыноўнік журналістам на цырымоніі падпісання дамовы.
Генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты ўдакладніў, што названая сума ўлічвае раней выдзеленае банкам фінансаванне ў рамках падпісанага ў маі 2019 года крэдытнага дагавора на 100 млн даляраў ЗША.
Грошы будуць накіраваныя на рэалізацыю інвестпраграмы «Беларуськалія», папаўненне абаротных сродкаў. У тым ліку частка крэдыту пойдзе на фінансаванне прамысловай распрацоўкі Петрыкаўскага радовішча калійных соляў з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю горна-абагачальнага камбіната ў Гомельскай вобласці, а таксама будаўніцтва Дарасінскага рудніка.
Еўразійскі банк развіцця – міжнародная фінансавая арганізацыя, заснаваная Расеяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай спрыяння развіццю рынкавай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязяў. Статутны капітал ЕАБР складае 7 млрд даляраў ЗША. Дзяржавамі – удзельнікамі банка зʼяўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.
ААТ «Беларуськалій» – адзін з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце. Згодна са звесткамі Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на яго долю прыпадае пятая частка сусветнай вытворчасці калійных угнаенняў. Прадукцыя прадпрыемства экспартуецца больш як у 120 краін. 100% акцый «Беларуськалія» належаць Рэспубліцы Беларусь.