Гэта вам не жартачкі!



Не так і шмат у жыцці рэчаў, з-за якіх варта пераймацца ды рваць сэрца. Усё адносна.

Нам заўжды чагосьці не хапае: то часу, то грошай, то магчымасцей… І ўсё ж вельмі часта можна знайсці вырашэнне пэўнай праблемы. Галоўнае не здавацца. Не хапае ў вас грошай на вадкае мыла – набывайце мыла кавалачкамі! І такое цягнуць? Прычапіце вяровачкамі да рукамыйніка! Гэта не жарт, а рэальны метад змагання са злодзеямі ў горадзе Маладзечна. Чаму ж не ашчадзіць грошы роднага прадпрыемства, раз ёсць такая магчымасць? Мыла на вяровачках сфатаграфаваў і даслаў арыгінальны кадр “Рэгіянальнай газеце” адзін з чытачоў. Фота трапіла на сайт і стала папулярным: усё незвычайнае прыцягвае ўвагу! Праз некалькі гадзін пасля публікацыі дырэктар прадпрыемства Алег Тапалаў пракаментаваў арыгінальны фотаздымак словам “правакацыя”. Страшнае слова! Дзіўная лексіка ў дадзеным выпадку.

«Рэгіянальная газета» па гарачых слядах сустрэлася з дырэктарам маладзечанскага завода парашковай металургіі. Журналістам паказалі прыбіральні, дзе было зроблена рэзананснае фота, – мыла там было ў свабодным доступе. У іншых прыбіральнях яно такі было прывязанае да крана вяроўкай. Нічога страшнага. Здараецца. Эканомія.

Інфармацыя пацвердзілася – інцыдэнт вычарпаны? Зусім не. Самае цікавае толькі распачынаецца. Завод падаў у суд на “РГ” і патрабуе ад выдання публічнага прабачэння і абвяржэння інфармацыі пра мыла на вяровачцы. Кіраўніцтва прадпрыемства палічыла, што размешчанае на сайце фота можа “адмоўна адбіцца на фінансавых выніках прадпрыемства”. Позва пададзеная ў Менскі абласны эканамічны суд. “Рэгіянальная газета” прэтэнзій істца не прызнае.

Гісторыя мыла на вяровачках магла застацца мясцовай байкай на пару дзён, а выйшла на прастор, на шырокі разлог – і тут ужо не журналісты вінаватыя. Адсутнасць пачуцця гумару шкодзіць не менш за самы чорны піяр.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ