Казахстан разглядае магчымасць пастаўкі нафты Беларусі



Запыт ад Беларусі на пастаўку нафты ад Казахстана паступіў, у студзені туды прыедуць прадстаўнікі «Белнафтахіму». Здзелка магчымая пры эканамічнай выгадзе для казахстанскіх кампаній, сказаў у сераду журналістам кіраўнік Мінэнерга Казахстана Нурлан Нагаеў.

«Заява, просьба ад „Белнафтахіма” паступіла ў наш адрас, у адрас міністэрства. Прадстаўнікі дадзенага ведамства плануюць прыехаць у Казахстан для абмеркавання пастаўкі. Мы на сённяшні дзень ажыццяўляем пастаўкі нафты па дыверсіфікаваных напрамках, і мы разгледзім прапанову беларускага боку», — сказаў Нагаеў журналістам.

Ён паведаміў, што ведамства арганізуе сустрэчу з рэсурсатрымальнікамі Казахстана. «Калі хто-небудзь з нафтавых кампаній выявіць жаданне пры эканамічна выгаднай цане або пры ўмовах, якія іх задавальняюць, я думаю, што здзелка магчымая», — сказаў Нагаеў, дадаўшы, што перамовы плануецца правесці да 20 студзеня, перадае РИА Новости.

Раней Мінск даслаў свае запыты аб куплі нафты Украіне, Польшчы, Казахстану, Азербайджану і краінам Балтыі. Латвія ўжо выказала гатоўнасць абмеркаваць варыянты.

Азербайджанская нафтавая дзяржкампанія SOCAR паведаміла, што атрымлівала запыт ад беларускага боку, але «аб канкрэтных пастаўках яшчэ гаворка не ідзе». Пра гэта АПА-Эканомікс сказаў намеснік начальніка Упраўлення па сувязях з грамадскасцю і арганізацыі мерапрыемстваў SOCAR Ібрагім Ахмедаў.

— Мы далі інфармацыю беларускаму боку. У прынцыпе, мы гатовыя пастаўляць і азербайджанскую, і іншую нафту. Раней мы забяспечвалі іх нафтай і можам аднавіць гэты працэс, — дадаў ён.

Сваю ацэнку пастаўкі нафты ў Беларусь дала і Польшча. Інфраструктура нафтаправода «Дружба» не дазволіць польскаму аператару транспартаваць нафту ў Беларусь, захаваўшы пастаўкі на свае НПЗ, заявілі ў прэс-службе польскага аператара «Дружбы» кампаніі PERN.

Нагадаем, з 1 студзеня пастаўкі расейскіх кампаній у Беларусь спыненыя з-за рознагалоссяў па цане на нафту і ў тарыфах на транзіт расейскай сыравіны. Беларусь таксама дамагаецца зніжэння кампенсацый у сувязі з расейскім падатковым манеўрам у нафтавай галіне, у выніку якога беларускія НПЗ панеслі страты. Тэрмін дзеяння ранейшых дагавораў скончыўся 31 снежня.

novychas.by