Калядны канцэрт у Гародні
Калядны канцэрт падараваў гарадзенцам у вечар на Стары новы год творчы дуэт Алеся Чумакова і Таццяны Ячнай.
У зале Свята-Пакроўскага праваслаўнага сабору пры аншлагу прагучалі вядомыя еўрапейскія і паўночна-амерыканскія калядкі ў беларускім гучанні. 17 твораў з канцэрта ўключаны ў альбом „Вясёлых калядных святаў”, сярод іх творы Франца Грубэра, Роберта Бёрнса, Міколы Леантовіча ды іншых, а таксама напісаныя па традыцыйных народных мелодыях. Такі падарунак удалося ажыццявіць беларусам, дзякуючы перакладчыцкай дзейнасці, кажа Алесь Чумакоў:
– Сабраны ў нашым альбоме пераклады Сержука Сокалава-Воюша, Макса Шчура, Наталлі Васілевіч. Два такіх, я ўжо пастаўлю ў адзін радок, бо трэба сказаць, што наш славуты музыка гурта “Палац” Алег Хаменка ўжо класік літаратуры, так што я таксама яго ў класікі прылічу і, канешне, нашай класічнай паэтэсы Наталлі Арсенневай пераклад “Ціхай ночы”. Без “Ціхай ночы” праста немагчымы калядныя спевы.
Канцэрт прайшоў пад акампанемент беларускіх гусляў, на якіх граў Алесь Чумакоў.
Публіка падчас канцэрту актыўна падпявала. Дарэчы, гуслі, на думку Алеся Чумакова, вельмі добра пасуюць пад вясёлыя калядныя песні.
– Я займаюся гуслямі 15 гадоў ужо. Я вырабляю гэтыя інструменты. Даследаваў нашыя беларускія гуслі, як яны выглядалі. Захаваліся некалькі інструментаў канца 19 – пачатку 20 стагоддзя, якія можна паглядзець. І таксама я на гэтых гуслях акрамя выканання калядных песняў яшчэ розны рэпертуар спрабую граць. Гуслі вельмі прыдатныя да ўсяго. І вучу граць усіх ахвотных, хто хоча навучыцца граць на гуслях, магу зрабіць інструмент і навучыць іграць.
Канцэрт у зале на вуліцы Акадэмічнай, 2 фактычна стаў і прэзентацыяй новага альбома „Вясёлых калядных святаў, ад Дубліну да Дрысвятаў”, які ўсе наведнікі мелі магчымасць набыць па завяршэнні музычнай імпрэзы Алеся Чумакова і Таццяны Ячнай.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня