Новыя правілы палявання і рыбалкі



У Беларусі набылі моц новыя правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Цяпер да браканьера залічаць любога паляўнічага, які, атрымаўшы дазвол на паляванне мелкага звера, будзе мець пры сабе патроны неадпаведнага калібра. Рыбакі павінны карыстацца толькі дазволенымі вудамі і снасцямі.

Як паведамляе Міністэрства прыроды, такія захады робяцца для таго, каб уратаваць беларускую прыроду, бо шкода ад браканьераў непапраўная.

Акрамя гэтага ў Адміністрацыю кіраўніка Беларусі паступіла прапанова, каб з валанцёраў стварыць адмысловыя ахоўныя групы, якія б маніторылі лясы і водныя ўгоддзі. Старшыня Пінскага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Станіслаў Самар адзначае неабходнасць узаемадзеяння:

 Каб паляўнічыя выходзілі на нашу “гарачую” лінію і да нас, у інспекцыю, тэлефанавалі. Відавочна, што людзі займаюцца браканьерствам – ці то гэта рыбалка, ці то паляванне. Мы былі б вельмі ўдзячныя, калі б нам паведамлялі пра гэта. Перасоўванне са зброяй у чахле ў машыне дазволена толькі па дарогах агульнага карыстання. А ўжо на лясных угоддзях гэта рабіць забаронена – будзе лічыцца браканьерствам.

Нягледзячы на новыя правілы і ўзмацненне адказнасці за іх парушэнне, на Берасцейшчыне ўжо зафіксавана 33 правапарушэнні ў паляванні і 19 – у рыбалоўстве.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота arkhangelsk.rusplt.ru