Літоўская Klaipedos nafta гатовая перавальваць нафту для Беларусі



Літоўская кампанія гатовая перавальваць прызначаную для Беларусі нафту. Гэта пацвердзіў BNS часовы дырэктар кампаніі па нафтабізнесе Гедрус Сабаляўскас, піша DELFI.

„Мы атрымалі запыт ад беларускіх кліентаў адносна імпарту сырой нафты праз наш тэрмінал у студзені”, — пракаментаваў Сабаляўскас. Паводле яго слоў, Klaipedos nafta гатовая перавальваць сырую нафту з суднаў.

Прадстаўнік Klaipedos nafta Арынта Бракаўскайтэ пацвердзіла BNS, што паступіла просьба ад беларускага манапаліста — экспарцёра нафтапрадуктаў Беларускай нафтавай кампаніі (БНК). Яна экспартуе прадукцыю асноўных беларускіх заводаў — Мазырскага НПЗ і НПЗ „Нафтан” у Наваполацку.

Klaipedos nafta сцвярджае, што можа перавальваць да 3 млн тон нафты. Беларусь летась імпартавала з Расеі каля 18 млн тон нафты.

Дырэктар Клайпедскага порта па маркетынгу і агульных пытаннях Артурас Друнгілас адзначыў, што тэарэтычна нафту для Беларусі можна было б імпартаваць і праз кантраляваны кампаніяй Orlen Lietuva Бутынгскі нафтатэрмінал, аднак гэтая кампанія з’яўляецца канкурэнтам беларускіх заводаў. Праз Бутынгскі тэрмінал мажэйскі нафтаперапрацоўчы завод зараз імпартуе нафту толькі для сваіх патрэб.

Да цяперашняга часу Беларусь імпартавала расійскую нафту, аднак 1 студзеня Расія спыніла пастаўкі. Пошук альтэрнатыўных варыянтаў паставак ідзе на фоне рознагалоссяў паміж Мінскам і Масквой па цане на сыравіну.

Даручэнне найбліжэйшым часам забяспечыць пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц у канцы мінулага года даў Аляксандр Лукашэнка. Перш за ўсё размова ідзе пра пастаўкі чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама пра задзейнічанне для альтэрнатыўных паставак нафтаправода „Дружба”. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што пры адсутнасці дамоўленасцяў з Расіяй Беларусь можа рэверсам пампаваць амерыканскую ці Саудаўскай нафту праз Польшчу па магістральным нафтаправодзе.

Як паведаміў 14 студзеня першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой, камерцыйныя прапановы разасланыя ва ўсе магчымыя краіны. Спецыялісты знаходзяцца на перамовах практычна ў штодзённым рэжыме. Ён выказаў надзею, што Беларусь „хутка атрымае альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі канкрэтнай нафты”.

У канцэрне „Белнафтахім” 15 студзеня БелаПАН заявілі, што канкрэтных дамоўленасцяў пакуль няма. „Перамовы ідуць комплексныя. Гэта і Польшча, і Азербайджан, і Казахстан, і Украіна, і краіны Балтыі”, — сказалі ў канцэрне.

belapan.by