Беларуская ўніверсальная таварная біржа акрэдытавала першага брокера ў Венгрыі



Сумеснае беларуска-венгерскае прадпрыемства Belmastroy Zrt. стала першым брокерам ААТ „Беларуская ўніверсальная таварная біржа” (БУТБ) у Венгрыі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе біржы.

Belmastroy Zrt. спецыялізуецца на аказанні шырокага спектру будаўнічых паслуг, мае значны вопыт рэалізацыі праектаў у будаўнічай сферы і ўваходзіць у Нацыянальную федэрацыю будаўнічых арганізацый-падрадчыкаў Венгрыі.

Як адзначыла прэс-служба, у статусе біржавога брокера кампанія мае намер прыцягваць на біржавыя таргі пакупнікоў будматэрыялаў з Венгрыі і іншых краін Еўразвяза, а таксама інфармаваць прадстаўнікоў дзелавой супольнасці з гэтага рэгіёну аб магчымасцях выкарыстання біржавога механізму для выхаду на рынак Беларусі. Пры садзейнічанні Belmastroy Zrt. плануецца арганізаваць рэгулярныя пастаўкі ў Венгрыю беларускага цэменту, друзу, цэглы і блокаў з ячэістага бетону, у тым ліку ў рамках праекта па будаўніцтве новых рэактараў АЭС „Пакш”. Цяпер гэта прадукцыя рэалізуецца ў рамках дзвюх біржавых секцый: прамысловых і спажывецкіх тавараў і перспектыўных біржавых тавараў.

„Экспартныя біржавыя таргі будматэрыяламі — гэта пілотны праект, накіраваны на павышэнне эфектыўнасці рэалізацыі прадукцыі беларускай будаўнічай галіны на знешнія рынкі. Тут мы цесна супрацоўнічаем з Мінбудархітэктуры і прадпрыемствамі-экспарцёрамі. Нягледзячы на тое што ў рэгулярным рэжыме таргі па гэтай таварнай групе сталі праводзіцца не так даўно, ужо сфарміраваўся пул пастаянных пакупнікоў з Літвы, Польшчы, Расеі і Украіны. З дапамогай нашага новага брокера разлічваем „прасекчы акно” і на рынак Венгрыі”, — адзначыў прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

Акрамя будаўнічых матэрыялаў, венгерскі брокер не выключае магчымасць прапрацоўкі і іншых перспектыўных таварных кірункаў, прадстаўленых на электронных пляцоўках БУТБ, такіх як сельгаспрадукцыя, вырабы з чорных і каляровых металаў і лесаматэрыялы.

На сённяшні дзень на БУТБ акрэдытавана 11 брокераў — нерэзідэнтаў Беларусі з 10 краін.