Беларусь плануе аднавіць перамовы з Расеяй па газе да канца студзеня
Беларусь плануе аднавіць перамовы па газе з РФ да канца студзеня, паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.
„Плануем перамовы ў студзені. Газу цалкам дастаткова, ён ёсць. Без газу нашы людзі не застануцца”, – сказаў Віктар Каранкевіч.
Як паведамлялася, кошт расейскага газу для Беларусі ў студзені і лютым захоўваецца на роўні $127 за 1 тыс. куб.м, адпаведны пратакол Беларусь і Расея падпісалі 31 снежня 2019 года. Цана на газ з сакавіка з’яўляецца прадметам далейшых перамоваў.
Таксама былі падпісаны дапаўненні да кантрактаў на транзіт і пастаўку газу з „Газпром трансгаз Беларусь”, якія падаўжаюць іх да 2021 года. Згодна з падпісаным дакументам, кантрактныя аб’ёмы паставак і транзіту ў 2020 годзе захаваны на роўні 2019 года.
У 2019 годзе цана на газ для Беларусі з’яўлялася фіксаванай і складала таксама $127 за 1 тыс. куб.м на мяжы. У рэспубліканскім бюджэце на 2020 год гэты параметр закладзены на роўні 2019 года.