На выставе „Цуды з КапялюШа” – лялькі і батлейкі Андрэя Рэцікава



Андрэй Рэцікаў – кіраўнік народнага лялечнага тэатру “КапялюШ” з Наваполацку. Створаны ім тэатр існуе ўжо 24 гады, і Андрэй Рэцікаў не толькі з’яўляецца аўтарам пастановак, але і ўсе лялькі робіць уласнымі рукамі.

На выставе „Цуды з КапялюШа”, якая экспануецца ў віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, можна ўбачыць больш за сотню лялек з розных спектакляў. А яшчэ -10 батлеек, якія выкарыстоўваліся для спектакляў у розныя гады, кажа Андрэй Рэцікаў:

– Тут цыкл прац за апошнія 15 гадоў, такі перыяд. Тут і батлейкі, і лялечны тэатр. Прадстаўлены ўзоры і традыцыйных батлеек, зробленых паводле ўзораў 19-га стагоддзя – як гэта апісана, што два паверхі, лялькі рухаюцца так і так. І свае нейкія новыя інтэрпрэтацыі.

Батлейка стала для Андрэя Рэцікава захапленнем усяго ягонага жыцця. У Наваполацку ён арганізаваў цэлы навучальны курс для школьнікаў, дзе выкладае асновы гэтага старадаўняга беларускага лялечнага мастацтва. Майстар вывучае апісанні батлеек паводле краязнаўчых матэрыялаў і марыць аднавіць асабліва цікавыя ўзоры ў аўтэнтычным выглядзе. У 2019-м годзе Андрэй Рэцікаў быў уганараваны званнем „Чалавек года ў сферы культуры” у намінацыі „Народная творчасць”.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя