Суд за фотаздымак з мылам на вяровачцы



Выслухалі бакі і эксперта, паседжанне працягнецца 22 студзеня. Завод падаў у суд на “Рэгіянальную газету”. Патрабуе абвяржэння інфармацыі пра мыла на вяровачцы. “Каб не скралі. У прыбіральні на маладзечанскім заводзе мыла прывязалі на вяроўку”. Пад такім загалоўкам 10 кастрычніка мінулага года на сайце “Рэгіянальнай газеты” была змешчаная фатаграфія, якую даслаў у рэдакцыю чытач выдання. Завод праз суд патрабуе ў “Рэгіянальнай газеты” публічнага прабачэння і абвяржэння інфармацыі пра мыла на вяровачцы. Прайшлі першыя судовыя паседжанні.

Расказаў у нашым эфіры дырэктар “Рэгіянальнай газеты” Аляксандр Манцэвіч:

– У іх прэтэнзіі да нашага тэксту, фактычна да загалоўка «Каб не скралі». Яны лічаць, што мы абвінавачваем адміністрацыю завода ў тым, што на заводзе адбываюцца крадзяжы. Мы выступілі са сваёй пазіцыяй, другі бок – са сваёй пазіцыяй. І суд запрасіў на пасяджэнне эксперта інстытута мовазнаўства Аляксандра Аляксандравіча Лукашанца, якому ў канцы было дадзена слова, і ён, як на мой погляд, абсалютна падтрымаў нашу пазіцыю, сказаўшы, што ў тэксце выказваецца меркаванне.

Завод не аспрэчвае той факт, што мыла сапраўды у прыбіральнях вісела прывязанае, фотаздымак адпавядае рэчаіснасці. На думку кіраўніцтва прадпрыемства, звесткі, якія былі апублікаваныя, могуць адмоўна адбіцца на фінансавых выніках прадпрыемства. Справу разглядае Менскі абласны эканамічны суд.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя