І ў Полацку будуць суды за незалежнасць



Полацкі аддзел унутраных справаў расшуквае тых, хто 4 студзеня сфатаграфаваўся з літарамі на аркушах паперы, склаўшы слова “Незалежнасць”. Сведкаў-міліцыянтаў на “фотасесіі” не было, і пошукі распачаліся пасля таго, як фотаздымкі трапілі ў сацыяльныя сеткі, а адтуль – у незалежныя СМІ.

Супрацоўнікі міліцыі спрабуюць індэнтыфікаваць асобаў на фотаздымку, распавёў Юрый Касач, жыхар Наваполацку:

– Яны спрабавалі “разгаварыць” мяне на сваю тэму. Пыталіся: “Што такое незалежнасць для вас?” Я адказаў, што незалежнасць для мяне – гэта падпарадкаванне закону, і што міліцыянты павінны лавіць бандытаў. Бо іх канчатковая мэта – гэта каб я паболей распавёў пра іншых людзей, якіх хочуць пакараць, гэтаксама як і мяне.

Позву ў суд Юрый Касач пакуль не атрымаў. Але вядома, што чатыры чалавекі ўжо атрымалі такія позвы, іх будуць судзіць у судзе Полацка і раёну 24 студзеня.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з сацыяльных сетак.