Гарадзенскі фатограф прадставіў выставу з падарожжа ў Каны



У народным фотаклубе “Гродна” адкрылася выстава фатографа Яна Хведчына пад назваю “Эмоцыі Канскага фестывалю”. Гарадзенец трапіў на фэст выпадкова ў 2019 годзе, і ён дзеліцца у экспазіцыі гісторыяй свайго мінулагодняга падарожжа.

Кажа Ян Хведчын:

– Пра гэты кінафестываль я даведаўся ў апошні момант ад суседа хостэлю, які прыехаў з Алжыру. Я запытаўся ў яго: ці бяспечна гуляць на Канах? Ён адказаў, што бяспечна, таму што праз 30 кіламетраў праходзіць Канскі фестываль. Тады я на наступны дзень купіў білет за 2 еўра і паехаў да Кан. Там я пазнаёміўся з ангельскім рэжысёрам, які правёў мяне на гэты кінафестываль. Вельмі было цудоўна паразмаўяць з англічанамі.

На думку Яна Хведчына, падарожжа ў Каны мела свае адметнасці:

– Я потым прабраўся ў фанзону. Калі я прабіраўся ў фанзону, сек’юрыці выкінула ўсю маю ежу, што была ў мяне з сабой. Таму што бываюць такія людзі, якія кідаюць ежу ў «зорак». І вось такім партызанскім спосабам я прабраўся. Стаяў на лесвіцы, якія людзі ставяць загадзя, каб зрабіць здымкі любімых «зорак». На гэтым кінафестывалі я зрабіў шмат здымкаў «зорак».

Ян Хведчын супрацоўнічае ў якасці фатографа з рознымі СМІ Гарадзеншчыны, і яго здымкі з падарожжаў займалі першыя месцы ў розных конкурсах, у тым ліку ў міжнародных.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча