Леанід Злотнікаў: Думаю, цяпер Расея не саступіць



У адсутнасць прагрэсу ў перамовах з Расеяй аб пастаўках нафты Беларусь шукае альтэрнатыўныя варыянты. Як раней паведаміў першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Круты, ідуць перамовы з Украінай, Польшчай, краінамі Балтыі, Казахстанам і Азербайджанам.

Як адзначае эканаміст Леанід Злотнікаў, Масква заняла вельмі жортскую пазіцыю і патрабуе выкання дамовы аб Саюзнай дзяржаве.

– Я думаю, што цяпер Расея не саступіць. У яе зараз настрой такі: не ідзёце, дык чаму мы вас павінны карміць? Палітычна Пуціну ставіцца падножка. Хаця раней гаворка ішла пра тое, што так, мы ў адным саюзе, мы браты. А калі дайшло да таго, каб крыху паступіцца ўладай у адносінах да таго, хто цябе корміць, тут ужо ў бок. Я не прыхільнік інтэграцыі. Расея таксама ідзе па невядомаму шляху. Куды яна ідзе? Нічога добрага не будзе. Калі інтэгравацца – дык на захад.

Ва ўмовах рэалізацыі падатковага манеўру «наша краіна не будзе плаціць прэміі расейскім нафтавікам у ранейшым аб’ёме», – заявіў намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Круты, але падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца даволі буйным спажыўцом расейскай нафты, а таму перамовы працягнуцца. Пакуль жа расейцы не пагаджаюцца на ўмовы беларускага боку.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя