Ці ёсць альтэрнатыва расейскай нафце?



Ці ёсць у Беларусі сапраўды эканамічна абгрунтаваныя альтэрнатывы расейскай нафце? У гэтым сумняецца эканамічны эксперт Таццяна Манёнак.

Па яе словах, напрыканцы мінулага года ўлады былі зацікаўлены купіць увесь неабходны аб’ём нафты для загрузкі айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў – каля 24 мільёнаў тон. І да такога сцэнару як спыненне паставак з боку Расеі, яны былі не гатовыя, адзначае эксперт:

– Тэставыя нейкія пастаўкі магчыма арганізаваць, я так думаю, заўтра і паслязаўтра – гэта пэўна не так складана праз парты Балтыі. Самае галоўнае ўсё ж такі тое, што нафту па чыгунцы на нафтаперапрацоўчыя заводы не навозішся – гэта нятанная справа. Канешне для сур’ёзнай альтэрнатывы павінна быць труба – гэта больш складана. Ці гатовы эканамічна эфектыўна перапрацоўваць вось гэтую альтэрнатыўную нафту. Сёння відавочна, што пакуль у Расеі не завяршыўся падатковы манеўр, то для Беларусі больш танная канешне ж расейская нафта.

1-га студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь у сувязі са сканчэннем тэрміну гадавых кантрактаў. У сваю чаргу Менск прыпыніў экспарт нафтапрадуктаў, каб не дапусціць крызісу на ўнутраным рынку. Перамовы аб пастаўках расейскай нафты працягваюцца. Расея ўвязвае гэтае пытанне з выкананнем дамовы аб Саюзнай дзяржаве, а Беларусь шукае магчымасці альтэрнатыўных крыніц энергарэсурсаў.

Беларускае Радыё Рацыя