Ці вераць беларусы ў будучыню сваёй краіны?



Даследчы цэнтр East апублікаваў несуцяшальную статыстыку, згодна якой можна вынесці прысуд пабудаванай у Беларусі “краіне для жыцця”. Калі верыць вынікам даследавання, праведзенага ў 2019 годзе ў шасці дзяржавах “Усходняга партнёрства” (Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове, Украіне), то менавіта ў Беларусі самая вялікая лічба людзей, якія не вераць у будучыню сваёй краіны. У 59% рэспандэнтаў няма аптымістычных чаканняў адносна перспектываў жыцця ў Беларусі. Адметна, што ў пазасталых краінах, якія маюць тлеючыя тэрытарыяльныя і вайсковыя канфлікты, веры ў шчаслівую будучыню куды больш. Нават ва Украіне, дзе штодня ў Данбасе ў баях за цэласнасць дзяржавы атрымліваюць раненні альбо гінуць украінскія вайскоўцы. Найвышэйшы ўзровень аптымізму нечакана дэманструюць жыхары сонечнай Арменіі – блізу 70 % армянаў вераць у будучыню краіны. Не надта адстаюць ад сваіх заклятых сяброў-армянаў і азербайджанцы – каля 68 % грамадзянаў Азербайджана таксама настроеныя пазітыўна.

Нават калі дапусціць недакладнасці ў метадалогіі, у выніках даследавання чамусьці сумнявацца не выпадае. Усім тым, хто сумняецца ў атмасферы ўсеагульнай дэпрэсіі, варта проста выйсці на вуліцу, праехацца ў грамадскім транспарце ў гадзіну пік альбо завітаць на бліжэйшы рынак. Уражанне будзе вельмі сумным. Большасць адкрыта сварыцца на ўладу, скардзіцца на нізкія заробкі, распавядае пра планы дзяцей на ад’езд з краіны. Колькі б не спявалі салаўямі з тэлеэкранаў прапагандысты, колькасць разводаў і суіцыдаў у краіне не зменшыцца. Негатыўны эмацыйны фон выкліканы сітуацыяй застою, які доўжыцца ў Беларусі вось ужо чвэрць стагоддзя.

Калі паслухаеш размовы беларусаў, міжволі ўзгадваюцца словы знакамітай песні польскага барда Яцэка Качмарскага “Наш клас”. У гэтым творы апавядаецца пра лёс пакалення, маладосць якога прыпала на ваеннае становішча пачатку 1980-х гадоў. Песня “Наш клас” была напісаная ў 1983 годзе, калі многія з палякаў, расчараваўшыся ў рэаліях камуністычнай Польшчы, пачалі шукаць шчасця па ўсім свеце. З пераліку “аднакласнікаў” вынікае, што нехта знайшоў шчасце ў Ізралі, хтосьці ўладкаваў жыццё ў Канадзе ці Парыжы, а хтосьці апынуўся ў турме ці ўвогуле засіліўся. Сумны калектыўны партрэт пакалення, апісаны таленавітым Качмарскім, можна праектаваць без асаблівых карэкціровак на сучасных беларусаў. Многія беларусы стаміліся ад адсутнасці пазітыўных эканамічных і палітычных змяненняў.

У плане матэрыяльнага дабрабыту нельга сказаць, што цяперашнія беларусы жывуць горш, чым гадоў 30 таму. Але ў пачатку 1990-х гадоў было тое, што нельга вымяраць колькасцю набытых аўтамабіляў альбо жк-тэлевізараў. Пасля распаду СССР многія беларусы раптам адчулі надзею на перамены. І хоць спачатку было цяжка з прадуктамі ў крамах і нізкімі заробкамі, але ўсё імкліва змянялася. Памятаю, як пусты сталічны двор увадначассе стаў запаўняцца іншамаркамі, на якіх ездзілі новаспечаныя бізнесоўцы – учорашнія савецкія інжынеры. Яны змаглі хутка адаптавацца да рынку, адкрывалі ўласныя фірмы. Вакол віравалі падзеі. Прыезд амерыканскага прэзідэнта Клінтана ўпершыню ў гісторыі дзяржавы. Дэбют нацыянальнай алімпійскай зборнай у Алімпіядзе. Кампанія “Пушэ” прадавала на беларускім рынку навюткія чэшскія аўто, фірма “Дайнова” спансавала рок-фэсты… Здавалася, яшчэ трошкі – і краіна пайшла б у нармальным накірунку. Але ў 1994 годзе большасць нечакана зрабіла выбар, які добра апісаны даследчыкамі масавай псіхалогіі. “Уцёкі ад свабоды” сталі тым выратавальным механізмам для часткі грамадства, якая баялася браць на сябе адказнасць за свой лёс. Пасля ўсталявання новай улады, якая грала на настальгічных настроях беларусаў па “саўку”, учорашнія бізнесоўцы пазбавіліся сваіх дасягненняў. Было вельмі прыкра назіраць за імклівым падзеннем суседзяў, якія, распрадаўшы нядаўна набытыя іншамаркі, пачалі ўжываць танны алкаголь і паміраць ад цырозу пячонкі. А іх дзеці, убачыўшы бесперспектыўнасць рэчаіснасці, сталі шукаць будучыню за мяжой. З маіх аднакласнікаў многія таксама няблага ўладкаваліся ў еўрапейскіх краінах альбо ў ЗША. Некаторыя з іх прыязджаюць на радзіму ў лепшым выпадку, каб палячыць на халяву зубы. Вось такі лёс нашага класу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ