Ігар Барысаў: Пагроза інкарпарацыі з боку Расеі не знікла



Пасля заяваў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна аб правядзенні канстытуцыйнай рэформы, якая прадугледжвае ў тым ліку абмежаванне прэзідэнцтва толькі 2 тэрмінамі, з’явілася надзея, што інтэграцыйны ціск з боку Расеі на Беларусь зменшыцца.

Аднак, па меркаванні старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава, пагроза інкарпарацыі з боку Расеі не знікла:

– Пакуль Расея існуе ў тым выглядзе, у якім яна ёсць, пакуль яе палітыка з’яўляецца такой, якая ёсць, маецца на ўвазе наступальная, імперская і якая стварае вакол сябе паясы нестабільнасці, то Беларусі нельга расслабляцца. Нягледзячы на тое, што пры транзіце ўлады ў Расеі быў выбраны той спосаб, які Беларусі падаецца больш прымальным. То бок маецца на ўвазе, што адведзена ў пэўнай ступені ўвага ад інтэграцыйнага працэсу ў Беларусі і ў перспектыва магчымасці ўзначаліць Пуціным саюзную дзяржаву. Пра што казалі шмат якія эксперты.

Па словах Ігара Барысава, пасля Казахстана гэта ўжо другая спроба транзіту ўлады за апошнія часы. Аляксандр Лукашэнка таксама ў нейкай ступені рыхтуецца да гэтага. Таму што немагчыма ўсё жыццё кіраваць аднымі і тымі ж старымі метадамі.

У свеце ідзе прагрэс, эканоміка развіваецца па-новаму, сітуацыя вакол Беларусі змяняецца, а тут усё застаецца па-ранейшаму. Аднак усё большая колькасць людзей, у тым ліку ва ўладзе, разумеюць, што трэба змяняць унутраную сістэму. Таму і ў Беларусі пачнецца працэс транзіту ўлады. Хаця ён будзе праходзіць пад жорсткім кантролем Аляксандра Лукашэнкі, які будзе імкнуцца захаваць паўнату ўлады, – лічыць Ігар Барысаў.

Беларускае Радыё Рацыя