На гандбольным Еўра Беларусь перамагла Чэхію
На гандбольным Еўра мужчынская зборная Беларусі ў асноўным раўндзе турніру дамаглася першай вікторыі. У Вене каманда Юрыя Шаўцова сустрэлася з даўнім супернікам Чэхіяй і ў напружаным змаганні перамагла 28:25 (13:11).
Цягам усёй сустрэчы беларусы былі наперадзе, чэхі даганялі, але так і не здолелі параўняць лік.
Найбольш выніковымі ў складзе беларусаў у гэты дзень сталі Мікіта Вайлупаў – 6 галоў, Арцём Каралёк, Дзмітрый Нікуленкаў і Андрэй Юрынок – па 5. Упершыню на гэтым Еўра на пляцоўку выйшаў наш трэці брамнік Аляксей Кішоў, які падмяняў Вячаслава Салдаценку.
У шасцёрцы спаборнікаў Беларусь набрала 2 ачкі і займае пакуль 5-е месца. На гэтым турніры беларусы чаргуюць перамогі з паразамі (Сербія – выйгрыш, Харватыя – параза, Чарнагорыя – выйгрыш, Германія – параза, Чэхія – выйгрыш). У сэкстэце другога раўнду беларусам засталося згуляць з галоўнымі фаварытамі першынства іспанцамі, а таксама з гаспадарамі турніру аўстрыякамі. Пакуль Беларусь захоўвае рэальныя шанцы згуляць у стыкавым матчы за 5-е месца.
Беларускае Радыё Рацыя