У Менску 50-ы раз шукалі гаспадароў для котак і сабак
Юбілейную дабрачынную акцыю правяла грамадская арганізацыя «Эгіда».
«Вынік добры, мы самі не чакалі, што за тры гадзіны людзі забяруць амаль чатыры дзясяткі беспрытульных жывёл, якімі апякуецца «Эгіда», – паведаміла Радыё Рацыя старшыня арганізацыі Вераніка Ханцэвіч. Каб атрымаць жывёлу, трэба было мець з сабой пашпарт і прайсці дэталёвую суразмову.
– За кожнай жывёлай замацаваны свой апякун-куратар, які адказвае за сваю жывёлу, які ведае гісторыю гэтай жывёлы, веаде асаблівасці характара, асаблівасці паводзінаў. Таму абавязкова адбываецца гутарка з патэнцыйным гаспадаром, яму задаецца шэраг пытанняў: ці былі раней жывёлы, калі былі, то якія. На працягу ўсяго жыцця жывёлы мы падтрымліваем сувязь з гаспадаром.
Пасля акцый бываюць і вяртанні жывёл у «Эгіду».
– Звычайна гэта дзве-тры жывёлы. Бо розныя бываюць прычыны. Напрыклад, а з сабачкай трэба гуляць. Або бралі шчанюка, ён, прабачце, ноччу топае. Былі выпадкі, калі праз пяць гадоў нашыя жывёлы вярталіся. Мяняліся жыццёвыя абставіны, люді з’язджалі за мяжу. Нам прынцыпова важна, каб ўсе нашыя жывёлы не вернулілся назад, каб яны не былі выкінутыя, каб іх не вывозілі ў лес.
Год таму Вераніка Ханцэвіч казала, што абаронцы жывёл чакаюць зменаў у заканадаўстве, якія дазволяць сапраўды бараніць сабак, катоў ды іншых ад жорсткага абыходжання, але, паводле кіраўніцы «Эгіды», зрухаў пакуль няма.
Беларускае Радыё Рацыя