Новы апостальскі нунцый у Беларусі пакуль не прызначаны



 Новы кіраўнік дыпламатычнай місіі Ватыкана ў Беларусі пакуль не прызначаны, паведаміў у эксклюзіўным інтэрв’ю БелаПАН апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр перад сваім ад’ездам з Менска. Ён пакінуў Беларусь 12 студзеня пасля трохгадовага служэння і адправіўся ў Гандурас, дзе будзе прадстаўляць інтарэсы Ватыкана.

На пытанне, ці ведае ён, хто прыйдзе яму на змену, Пінтэр адказаў: „На жаль, не, гэта пакуль яшчэ не ясна”. „Працэдура прызначэння новага нунцыя пачынаецца толькі з таго моманту, калі публікуецца рашэнне аб пераводзе дзейнага нунцыя, — растлумачыў арцыбіскуп. — У некаторых краінах пасол, умоўна, з’язджае сёння, а новы прыбывае ўжо паслязаўтра, але ў нашай сістэме гэта не так. Такім чынам, наша начальства ў Рыме ініцыявала працэдуру прызначэння новага нунцыя ў Беларусі толькі ў лістападзе, калі мяне прызначылі нунцыем у Гандурасе”.

„Так што гэта праца зойме некалькі месяцаў. Але, спадзяюся, не так шмат, як было са мной, — я прыбыў у Беларусь праз восем месяцаў пасля ад’езду ранейшага нунцыя [Клаўдыа] Гуджэроці”, — дадаў Пінтэр.

Ён падкрэсліў, што для яго „было вялікім задавальненнем быць апостальскім нунцыем у Беларусі”. „Нават калі раней я мала што ведаў пра гэту краіну, я адчуваў, што змагу вельмі лёгка ўвайсці ў яе рэаліі, паколькі ёсць пэўныя падобенствы паміж Венгрыяй і Беларуссю — у плане гісторыі ды па многіх іншых прычынах. Практычна адразу я адчуў сябе тут як дома”, — сказаў дыпламат.

„Цяпер, калі я сыходжу, мяне перапаўняюць эмоцыі, таму што сыходзіць не так проста. У мяне няма праблемы з тым, каб прыехаць у іншае месца і пачаць там працу, таму што гэта маё жыццё. Але сыходзіць вельмі складана. У апошнія тыдні я сустракаўся з многімі людзьмі, яны выказвалі мне сваю ўдзячнасць, мне давялося сказаць шмат прамоў. Цяпер я ў поўнай меры адчуваю, што раней я быў паслом у Беларусі, а цяпер буду неафіцыйных паслом Беларусі ў свеце”, — падсумаваў арцыбіскуп.

Габар Пінтэр нарадзіўся 9 сакавіка 1964 года ў Венгрыі. Служыў апостальскім нунцыем у Беларусі з 13 мая 2016 года, перайшоўшы з пасады саветніка Апостальскай нунцыятуры ў Аўстрыі. 12 лістапада 2019 года папа рымскі Францыск прызначыў Пінтэра кіраўніком дыпламатычнай місіі Ватыкана ў Гандурасе.

belapan.by