Шэры Кот – на волі
Відэаблогера Дзмітрыя Казлова, асуджанага да арыштаў за ўдзел у менскіх акцыях пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі”, нечакана выпусцілі з Аршанскага ізалятара часовага ўтрымання.
Адно з першых інтэрв’ю ён даў Беларускаму Радыё Рацыя:
– Мяне выкінулі з ІЧУ, сказалі напісаць распіску, што я потым адбуду астатні тэрмін. Усяго мне далі тры месяцы арышту! Адзін я адбыў, два яшчэ засталося. Але сёння па незразумелых прычынах мяне адтуль вывелі, сказалі, што ў іх там дызентырыя, што людзі трапляюць у шпіталі…Так што ідзі, маўляў, дамоў, а калі трэба будзе, ты вернешся. Калі ім будзе трэба. Пішы распіску, што ты такі-та, абязуешся па патрабаванні вярнуцца і адбыць астатняе пакаранне. Калі гэта будзе – яна не ведаюць. Карацей, у любы момант.
Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам Шэры Кот, быў змешчаны ў аршанскі ІЧУ 26 снежня. Падчас зняволення яго асудзілі яшчэ тройчы, і агульны тэрмін арыштаў складае 60 сутак. Але Шэра Кот паведаміў, што ў апошні тыдзень яго судзілі яшчэ двойчы. Таму агульны тэрмін арышту складае ўжо 90 сутак.
Сёння ў Воршы пабываў праваабаронца Павел Левінаў. На ягоную думку, аршанскі суд мусіў вынесці пастанову, каб Дзмітрый Казлоў змог адбываць арышты з перапынкамі. Але старшыня суду Воршы і Аршанскага раёну адмовілася з ім сустрэцца. З патрабаваннем вызваліць Дзмітрыя Казлова праваабаронца звярнуўся да намесніка старшыні аршанскага суду па крымінальных і адміністратыўных справах Мікалая Драгунова і да начальніка штабу Аршанскага РАУС , падпалкоўніка міліцыі Алега Іванчанкі. Павел Левінаў заявіў, што гэта бесчалавечна і не гуманна трымаць чалавека за кратамі столькі часу запар, і запатрабаваў пісьмовых тлумачэнняў, чаму так адбываецца.
Каля 21.30 Дзмітрый Казлоў быў вызвалены, і адразу ж распачаў прамую трансляцыю на свой канал youtube.com.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск