Пра Буркіна-Фасо і ваенрукоў



У Беларусь прыязджае міністр адукацыі з Буркіна-Фасо, а ў школах з’явіліся ваенрукі. Хаця лепей бы да нас прыехаў міністр адукацыі якой-небудзь Фінляндыі, які б падзяліўся досведам, як стварыць добрыя школы ў краіне. А ваенрукі ў беларускіх школах увогуле лепей бы не з’яўляліся.

Многія беларусы ўвогуле не ведаюць, што гэта за краіна такая – Буркіна-Фасо. А спытайце ў знаёмых, якая сталіца Буркіна-Фасо, дык яны пакуль у Вікіпедыю не залезуць, не адгадаюць. Хаця ў чымсьці Буркіна-Фасо падобная да Беларусі: там таксама прэзідэнта могуць пераабіраць бясконца. Міністр адукацыі Буркіна-Фасо наведае Беларусь у лютым. Пра гэта паведамляе інфармацыйная агенцыя БелТА. Пытанне толькі, якая карысць ад гэтага Беларусі. Бо ў Буркіна-Фасо толькі каля 30% мужчын і каля 15% жанчын умеюць пісаць і чытаць. Што ўжо казаць пра вышэйшую адукацыю.

А пакуль беларускія чыноўнікі будуць сустракацца з міністрам адукцыі адной з бяднейшых краін афрыканскага кантынента, ваенрукі будуць займацца ваенна-патрыятычным выхаваннем беларускіх школьнікаў. У сучасным свеце прадмет “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” – вельмі актуальны. У Беларусі сітуацыя ў адукацыі проста жахлівая, затое ў падлеткаў будуць спрабаваць фармаваць патрыятычную свядомасць і маральна-псіхалагічныя якасці для абароны айчыны. Лепей бы дадатковыя заняткі па англійскай і беларускай мовах дадалі, бо многія маладыя людзі не могуць размаўляць ні на роднай, ні на англійскай. Затое даведаюцца, што такое бомбасховішчы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ