На Сусветны форум памяці Халакоста прыедуць Пуцін, Макрон і прынц Чарльз



46 кіраўнікоў дзяржаў, чальцоў каралеўскіх сем’яў, прэзідэнтаў, прэм’ер-міністраў і старшынь парламентаў з Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Аўстраліі 23 студзеня возьмуць удзел у пятым Сусветным форуме памяці Халакоста.

На форуме выступяць: прэзідэнт і прэм’ер Ізраіля, прэзідэнты Расеі, Францыі і Германіі, а таксама прынц Уэльскі Чарльз. Вядома, што Беларусь на форуме прадставіць спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка.

Форум пройдзе ў мемарыяльным комплексе Яд ва-Шэм у Ерусаліме, ён прымеркаваны да 75-ай гадавіны вызвалення нацысцкага канцлагера Аўшвіц-Біркенаў. Як піша Тут.бай, на мерапрыемства быў запрошаны і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, аднак той адмовіўся ад паездкі ў Ізраіль, між іншым таму, што яму не далі права выступу на цырымоніі.