У Еўрапарламенце абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі
У Еўрапейскім парламенце 23 студзеня абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі. Мерапрыемства арганізаванае пастаянным дакладчыкам Еўрапарламента па Беларусі Пятрасам Аўштравічусам (Літва).
Як паведаміў БелаПАН дырэктар цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог”, экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, дамоўленасць пра арганізацыю такога абмеркавання была дасягнутая падчас сустрэчы Аўштравічуса з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі ў Тбілісі, дзе ў лістападзе 2019 года праходзіла восьмая сесія Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест).
„Я буду казаць пра беларуска-расійскія адносіны. Таксама будуць выступы па аналізе парламенцкай выбарчай кампаніі і сітуацыі пасля яе — для выступу па гэтай тэме запрошаны Аляксандр Сілкоў, які быў нацыянальным каардынатарам кампаніі „Права выбару”, — і па праблеме Беларускай АЭС”, — сказаў Лябедзька.
Паводле звестак БелаПАН, для выступлення па тэме Беларускай АЭС запрошаная член таварыства „Зялёная сетка” Ірына Сухій. Удзел у мерапрыемстве таксама возьме кіраўнік кампаніі „Наш дом” Вольга Карач.
На сустрэчу таксама запрашалі сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага. Аднак, як паведаміў Рымашэўскі БелаПАН, ён у гэты час будзе знаходзіцца „ў іншай паездцы”. Другога сустаршыню аргкамітэта — Паўла Севярынца — з Беларусі „не выпусцяць з-за штрафаў”, адзначыў Рымашэўскі.