Алесь Пушкін: Ідзе вайна ідэй
Мастак Алесь Пушкін выказаў сваё стаўленне да паэта Аляксандра Пушкіна і яго пафарбаваных рук.
Нагадаем, што некалькі дзён таму ў Менску адбыўся інцыдэнт з помнікам Аляксандру Пушкіну: хтосьці размаляваў чырвонай фарбай рукі помніка.
Па некаторай інфармацыі, па гэтай справе пад вартай знаходзіцца “маладафронтавец” Піліп Шаўроў, які сам прыйшоў у РУУС і прызнаўся, што менавіта ён размаляваў рукі помніка чырвонай фарбай.
Алесь Пушкін: Кітайцы не фарбуюць у сябе на радзіме помнікі Янку Купалу, хаця яны там ёсць, як не фарбуюць і помнік Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве. А калі маладыя беларусы фарбуюць чырвонай фарбай рукі Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну ў Менску, то гэта пра нешта гаворыць.
А гаворыць гэта пра тое, што дваццаціпяцігадовая палітыка беларускай улады па прымусовай русіфікацыі беларусаў, абмене беларускай мовы і культуры на танныя расейскія энерганосьбіты дае свае вынікі. Гэта не вайна ў прамым сэнсе. Ідзе вайна ідэй.
РР: Але ці патрэбна было псаваць помнік паэту?
Алесь Пушкін: Гэта такі своеасаблівы супраціў маладога пакалення. Рэакцыя моладзі на закрыццё беларускамоўных школ, на “паглыбленую інтэграцыю” з Расеяй. Натуральна, я не стаў бы так паступаць (фарбаваць помнік), бо, калі і раблю нейкія перформансы, то раблю гэта не ноччу, а адкрыта. Ніколі ні ад каго не хаваюся.
Мяркую, што Піліп Шаўроў атрымае досыць сур’ёзнае пакаранне, бо беларускім уладам трэба будзе трымаць па гэтым факце справаздачу перад Расеяй. І трэба прыстрашыць астатніх.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя