Падарункі з каланіяльным падтэкстам



Інцыдэнт з расфарбоўваннем рук на помніку расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну ў Менску атрымаў працяг. Актывіст “Маладога Фронту” Піліп Шаўроў добраахвотна прыйшоў у міліцыю, дзе прызнаўся ў сваёй датычнасці да акцыі. Праваахоўнікі правялі на кватэры ў маладзёна ператрус, а яго пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання для далейшых аператыўных дзеянняў. Учынку актывіста на гэты момант даецца прававая ацэнка. Цяжка сказаць, ці паўплывае на рашэнне праваахоўнікаў яўка маладзёна з павіннай, але ёсць пэўная верагоднасць, што ягоныя дзеянні могуць быць кваліфікаваныя па крымінальным артыкуле.

Ці ёсць у дзеяннях Піліпа Шаўрова крымінальны складнік? Не трэба быць юрыдычна падкаваным спецыялістам, каб ацаніць памер шкоды ў кошт бутэлькі бюджэтнага растваральніка для фарбы і пару гадзін працы аднаго сталічнага камунальніка. То бок, агульная сума ўмоўнай шкоды пры ўсім жаданні не дасягае 40 базавых велічыняў. Пасля перавышэння гэтай сумы ўчынак можа быць кваліфікаваны паводле артыкула 218 Крымінальнага кодэксу РБ “Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці”, за што прадугледжана да 2 гадоў пазбаўлення волі, а ў складзе групы асобаў – ад трох гадоў.

Відавочна, расфарбоўванне помніка іконе рускай літаратуры Аляксандру Пушкіну на набярэжнай ракі Свіслач – гэта ніякі не вандалізм, а палітычны перформанс на мяжы з контркультурнай мастацкай акцыяй. Вандалізм – гэта, напрыклад, калі п’яныя раздзяўбаі разбіваюць надмагіллі на вясковых могілках альбо калі недапечаныя неанацысты размалёўваюць забароненымі сімваламі габрэйскія месцы памяці. А вось размалёўванне рук сумнеўнага з пункту гледжання эстэтыкі помніку Пушкіну ў чырвоную фарбу – гэта не замах на памяць паэта, як хтосьці спрабуе гэта інтэрпрэтаваць, а спроба акцэнтаваць увагу грамадства на ўсеагульнай русіфікацыі. Не ведаю, як у цяперашняй школе выглядаюць справы, але ў часы майго дзяцінства літаратурнай спадчыне Пушкіна надавалі куды больш увагі, чым усім разам узятым беларускім класікам ХІХ стагоддзя. Хаця аб’ектыўна, колькі б не пісалі пушкіністы пра сувязі паэта з Беларуссю (сваяцкія сувязі і ўмоўна беларускія казкі ягонай няні Арыны Радыёнаўны), але Аляксандр Пушкін – герой чужога наратыву. Больш таго, ягоныя крытычныя выказванні на адрас удзельнікаў вызвольнага паўстання 1830-1831 года яскрава ўказваюць, што нонканфармізм Пушкіна прайграў ягоным імперскім поглядам. Ці не таму, дарэчы, цяперашнія расейскія культуртрэгеры з фондаў, якія шчыруюць у Беларусі, утрапёна ставяць помнікі пачынальніку расейскай сучаснай літаратуры дзе толькі можна, нібы пазначаючы межы тэрыторыі “рускага свету”. 

І сапраўды, чаму б расейскім фондам, якія не стамляюцца прасоўваць тут імпершчыну, не праспансаваць помнік, напрыклад, літаратуразнаўцу Івану Замоціну. Гэты этнічны расеец, народжаны ў Цвярской губерніі Расейскай імперыі, у 1922 годзе стаў прафесарам новастворанага БДУ. За два гады працы ў БССР Іван Іванавіч Замоцін дасканала вывучыў беларускую мову, пісаў на ёй працы, быў рэдактарам выданняў Максіма Багдановіча і Алеся Гаруна. Але за контррэвалюцыйную дзейнасць у 1938 годзе быў арыштаваны, загінуў у зняволенні. Аднак чамусьці расейскія дыпламаты пра Замоціна не ўзгадваюць. І Беларусь атрымлівае пастаянна ад так званых “старэйшых братоў” падарункі з каланіяльным падтэкстам, якія і ставіць не асабліва хочацца, але і адмовіцца няёмка.

У маім ідэальным свеце расейская амбасада не фінансуе помнікі імперскаму, хоць і таленавітаму паэту, а ўшаноўвае асобаў, якія сапраўды спрычыніліся да ўмацавання беларуска-расейскіх стасункаў. Таму ж стваральніку “Песняроў”, сібіраку, Уладзіміру Мулявіну альбо рэдактару “Нового мира” Аляксандру Твардоўскаму ці паэтэсы Наталлі Арсенневай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ