Колькасць дзіцячых дамоў у Беларусі скарацілася больш чым напалову



За апошнія дзевяць гадоў сетка інтэрнатных устаноў сістэмы адукацыі скарацілася больш чым напалову, паведаміў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, выступаючы з дакладам аб ажыццяўленні ў краіне палажэнняў Канвенцыі аб правах дзіцяці 20 студзеня ў Камітэце па правах дзіцяці ААН на 83-й сесіі ў Жэневе (Швейцарыя).

Паводле яго слоў, колькасць дзіцячых дамоў знізілася з 58 устаноў на пачатак 2011 года да 25 – у верасні 2019 года. За гэты час колькасць выхаванцаў у інтэрнатах скарацілася на 80% – з 7.771 да 1.534 чалавек. Разам з тым, падкрэсліў чыноўнік, у краіне развіваецца сетка дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. «У 2019 годзе адкрыта 14 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, на выхаванне ў якія перададзены 80 дзяцей, у тым ліку 16 (20%) – з дзіцячых інтэрнатных устаноў», – сказаў ён.

Карпенка адзначыў, што, паводле беларускага заканадаўства, нацыянальнае ўсынаўленне з’яўляецца прыярытэтнай формай уладкавання дзяцей, якія страцілі па розных прычынах бацькоўскую апеку.

У 2019 годзе, нагадаў чыноўнік, была прынята пастанова ўрада «Аб прызнанні таго, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы», якая змяніла падыходы да арганізацыі прафілактычнай працы з непаспяховымі семʼямі.

Кіраўнік Мінадукацыі дадаў, што ў снежні мінулага года ўнесены змены і дапаўненні ў шэраг кодэксаў і законаў Беларусі, накіраваныя: на забеспячэнне больш актыўнага і дзейснага прымянення дасудовага ўрэгулявання спрэчак у сферах грамадскіх адносін, у тым ліку з дапамогай медыятараў; на ўдасканаленне заканадаўчага рэгулявання шлюбна-сямейных адносін; на рэалізацыю ў заканадаўчых актах палажэнняў міжнародна-прававых актаў у сферы забеспячэння і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, у тым ліку Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей.

У дакладзе адзначаецца, што ў Беларусі «надаецца ўвага павышэнню прававой дасведчанасці дзяцей і бацькоў, у тым ліку і пра палажэнні Канвенцыі аб правах дзіцяці». За 2019 год Дзіцячы прававы сайт (mir.pravo.by) наведала больш як 295 тысяч карыстальнікаў, колькасць праглядаў старонак сайта склала амаль 730 тысяч. Адзначаецца, што ў школах у рамках прадмета «Грамадазнаўства» «рэалізуецца структураваны і сістэмны падыход да навучання правам чалавека». «Ва ўстановах, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прававая асвета навучэнцаў ажыццяўляецца ў працэсе вывучэння вучэбнай дысцыпліны «Асновы права». У ВНУ пытанні прававой асветы разглядаюцца пры вывучэнні вучэбных дысцыплін «Сямейнае права», «Крымінальнае права», «Грамадзянскае права», «Прававое рэгуляванне сацыяльнай работы» і іншых», – адзначыў міністр адукацыі ў дакладзе.

Таксама ў Жэневе будзе прадстаўлены альтэрнатыўны даклад, які падрыхтавалі восем праваабарончых арганізацый і грамадскіх абʼяднанняў: Хельсінкскі фонд па правах чалавека (Польшча), Беларускі Хельсінкскі камітэт, праваабарончы цэнтр «Вясна», «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе права», экспертна-прававое таварыства «Ініцыятыва Forb», цэнтр праблем дзіцячага развіцця «Леванія», Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Human Constanta.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, у альтэрнатыўным дакладзе прадстаўлена інфармацыя па асобных пытаннях рэалізацыі ў Беларусі правоў дзіцяці. Яго аўтары прапанавалі ў кожны з раздзелаў рэкамендацыі, выкананне якіх будзе садзейнічаць рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі па правах дзіцяці і паляпшэнню становішча дзяцей у Беларусі.

На прэзентацыі даклада 20 снежня ў Менску яго аўтары адзначылі недахопы і прабелы ў заканадаўстве практычна ва ўсіх сферах жыцця дзяцей. Асноўныя заўвагі тычацца перш за ўсё сфер адукацыі і аховы здароўя, а таксама выканання грамадзянскіх правоў непаўналетніх.

БелаПАН