Наперадзе ў Шэрага Ката – яшчэ адзін суд. Чым ён скончыцца?



Відэаблогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам Шэры Кот, учора ўвечары быў нечакана вызвалены з-пад арышту.

Яго затрымалі 25 снежня мінулага года на аршанскім чыгуначным вакзале, калі ён вяртаўся з Менску. 26-га снежня паводле рашэння суда Воршы і Шэры Кота ён атрымаў першыя 15 сутак арышту за ўдзел у менскіх акцыях пратэсту супраць так званай «паглыбленай інтэграцыі». За час зняволення яго асудзілі яшчэ 5 разоў – кожны раз яшчэ на 15 сутак.

Каб не гэтае нечаканае вызваленне, былі ўсе падставы лічыць Дзмітрыя Казлова палітвязнем, і таму яго тэрмінова вызвалілі, мяркуе праваабаронца Павел Левінаў:

– За выражэнне свайго меркавання – 90 сутак арышту… Напэўна, улада ўсё-ткі зразумела, што, калі сітуацыя не вырашыцца вось такім чынам, як яна вырашылася, то ў Беларусі можа з’явіцца яшчэ адзін палітвязень. У краіны і так шмат праблем – з нафтай, з газам. Навошта яшчэ адна – з палітзняволеным?

27 студзеня Дзмітрыя Казлова чакае яшчэ адзін судовы працэс за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці. Суд мае адбыцца ў Менску. Вынік яго непрадказальны, кажа відэаблогер:

– Я нават не ведаю, чаго чакаць. Калі б гэта было ў пачатку, то я чакаў бы, што будуць «суткі». А цяпер нават не ведаю, можа, гэта будзе штраф, 50 базавых. Яны самі зараз адыходзяць назад – зразумелі, што далі мне зашмат «сутак».

Зараз Дзмітрый Казлоў нарэшце займеў магчымасць пазнаёміцца з усімі матэрыяламі сваіх справаў, і збіраецца абскарджваць судовыя пастановы пра свае арышты.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя