Аляксандра Сасновіч прайграла ў першым раўндзе Australian Open



На кортах «Мельбурн Парку» аднавіліся матчы асноўнага этапу першага ў сезоне тэніснага турніру серыі «Вялікага шлема» – адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Першай з беларускіх тэнісістак у барацьбу ўступіла Аляксандра Сасновіч, якая займае 94-е месца ў сусветным рэйтынгу. У паядынку першага раўнда адзіночнага разраду яна сустракалася з бельгійкай Грэцье Мінан (119) і саступіла ў напружанай барацьбе – 6:7 (3:7), 6:4, 5:7. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 35 хвілін.

У сувязі з тым, што многія матчы адкрытага чэмпіянату Аўстраліі не адбыліся з-за дажджу і былі перанесены на сёння, арганізатары турніру падкарэктавалі каляндар і зноў перанеслі восем гульняў жаночага адзіночнага разраду. У гэты лік патрапіла і сустрэча першай ракеткі Беларусі Арыны Сабаленка з іспанкай Карлай Суарэс-Навара ў 1/64 фіналу. Сустрэча адбудзецца 22 студзеня.

Мікіта Вайлупаў уваходзіць у лік найлепшых бамбардзіраў гандбольнага чэмпіянату Еўропы

Перад заключнымі матчамі асноўнага этапу гандбольнага чэмпіянату Еўропы беларус Мікіта Вайлупаў уваходзіць у лік лідараў бамбардзірскай гонкі. Пасля шасці матчаў на рахунку беларуса 35 мячоў. Ён дзеліць 3-4-е месцы з чэхам Ондржэем Здрахалам. На першай пазіцыі нарвежац Санар Сагасэн, які закінуў 42 мяча, другім ідзе аўстрыйскі гандбаліст Нікола Білык, у якога 39 дакладных кідкоў. Лінейны беларускай каманды Арцём Каралёк закінуў 30 мячоў і таксама ўваходзіць у топ-6 найлепшых снайпераў кантынентальнага першынства. Зборнай Беларусі засталося правесці на чэмпіянаце Еўропы адзін паядынак – 22 студзеня ў Вене супраць каманды Аўстрыі.

Абдул Махамед можа перабрацца з кіеўскага «Дынама» ў берасцейскае

Паўабаронца кіеўскага «Дынама» Абдул Махамед можа пакінуць украінскі клуб і адправіцца ў арэнду з правам выкупу ў берасцейскае «Дынама». Як паведамляе «Футбольная газета», 23-гадовы ўраджэнец Ганы расчараваў кіраўніцтва кіеўскага «Дынама», і цяпер агент займаецца пошукам новага клуба. Па інфармацыі выдання, у паслугах афрыканца зацікаўленае берасцейскае «Дынама», якое летам стартуе ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.

24-гадовы паўабаронца Мікіта Капленка падпісаў кантракт з ФК «Тарпеда»-БелАЗ. Пагадненне заключана па схеме «1+1», – інфармуе афіцыйны сайт жодзінскага клуба. Да гэтага футбаліст выступаў за менскае «Дынама».

Расейка Яўгенія Фролкіна папоўніла шэрагі «Цмокi-Менск»

Расейская баскетбалістка Яўгенія Фролкіна працягне кар’еру ў менскіх «Цмокам». Бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве. Фролкіна пачынала сезон у складзе асноўнай каманды курскага «Дынама». У 7 матчах форвард адзначылася сумарна 13 баламі і 9 падборамі, – інфармуе твітар цмокаў.

Беларускае Радыё Рацыя