Новыя абмежаванні па выкарыстанні пластыку



У Беларусі плануюць адмовіцца ад пластыкавай тары для напіткаў аб’ёмам больш за 1 л. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вадзім Дзямко ў прэс-цэнтры БЕЛТА, каменціруючы пастанову Савета Міністраў ад 13 студзеня 2020 года нумар 7, якой зацверджаны план паэтапнага пераходу на экаўпакоўку.

„Плануецца для разліву алкагольных, слабаалкагольных і безалкагольных напіткаў прымяненне тары ёмістасцю не больш за 1 л. Думаю, што гэта адбудзецца да канца новай пяцігодкі, а то і раней, для гэтага неабходна ўнесці змяненні ў тэхнічныя рэгламенты”, – адзначыў Вадзім Дзямко. Ён звярнуў увагу, што, напрыклад, у Расеі з 2017 года дзейнічаюць абмежаванні на продаж піва і іншага алкаголю ў тары аб’ёмам больш за 1,5 л.

Акрамя таго, з 2021 года ў Беларусі ўвядуць новыя абмежаванні па выкарыстанні пластыку. „Адно з мерапрыемстваў плана прадугледжвае забарону выкарыстання з 1 студзеня 2021 года пэўных відаў палімерных матэрыялаў у выглядзе ўпакоўкі. Цяпер прапрацоўваецца з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання пералік палімернай упакоўкі, якая будзе забаронена да выкарыстання. Мы спадзяёмся, што пералік ужо будзе ў першай палове гэтага года”, – растлумачыў прадстаўнік Мінпрыроды.

Гаворачы аб пераходзе на экалагічную ўпакоўку, Вадзім Дзямко адзначыў, што ўвесь свет да гэтага ідзе, і Мінпрыроды поўнасцю падтрымлівае гэту тэндэнцыю ў Беларусі. У буйных гандлёвых аб’ектах прадугледжана ўжо альтэрнатыва аднаразовым поліэтыленавым пакетам – упакоўка, якую можна выкарыстоўваць не адзін раз. „Ідзе паэтапнае замяшчэнне палімернай упакоўкі. Безумоўна, будзем імкнуцца да 100-працэнтнага замяшчэння, але пра тэрміны пакуль гаварыць рана”, – удакладніў ён.

Адказваючы на пытанне, ці будуць нейкім чынам адрэгуляваны цэны на папяровыя пакеты, каб іх было выгадна купляць гэтак жа, як і поліэтыленавыя, прадстаўнік Мінпрыроды растлумачыў, што гэта пытанне таксама прапрацоўваецца.

План прадугледжвае і ўвядзенне дэпазітна-залогавай тары для збору пластыкавай, шкляной тары, бляшанак.

Зацверджаны ўрадам план уключае мерапрыемствы па вытворчасці экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяразлагальнай, навуковыя даследаванні па вызначэнні найбольш перспектыўных тэхналогій вытворчасці экаўпакоўкі, а таксама скарачэнне вытворчасці і імпарту палімернай упакоўкі.

belta.by