Іосіф Сярэдзіч: Я веру Лукашэнку



29 студзеня Аляксандр Лукашэнка даў вялікую прэс-канферэнцыю для беларускіх і замежных журналістаў, якая працягвалася 7 гадзінаў. Кіраўнік краіны загадаў, каб газета “Народная воля” кожны дзень ляжала на яго стале. Учора ён сказаў пра гэта ў час размовы з рэдактарам гэтага выдання Іосіфам Сярэдзічам.

05_narvol

РР: Спадар Іосіф, Лукашэнка ўчора назваў вас адзіным апазіцыянерам, які прысутнічаў у вялікай залі. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі ад гэтай канферэнцыі.

Іосіф Сярэдзіч: Ведаеце, калі гаварыць наконт уражанняў, то яны, у прынцыпе, самыя найлепшыя. Канферэнцыя сапраўды праходзіла ў фармаце дыялогу. І я думаю, што Лукашэнка правільна паступіў, што даў магчымасць усім жадаючым журналістам выказацца: не проста закінуць нейкае пытанне, а менавіта выказацца. Ён некалькі разоў казаў, што калі ў кагосьці ёсць пытанні, праблемы, то каб звярталіся. Я нават здзівіўся такому дэмакратычнаму падыходу.

А вось што тычыцца таго, што ён чарговы раз назваў мяне суперапазіцыянерам і нашу газету суперапазіцыйнай, дык я яму чарговы раз патлумачыў: “Народная воля” – гэта не нейкі там друкаваны апазіцыйны орган адной партыі; гэта простае незалежнае дэмакратычнае выданне прыватнага характару. І зноў жа – кожны мае права на свой погляд. І калі ён лічыць нашу газету суперапазіцыйнай, то, мабыць, ёсць падставы так лічыць. Я абсалютна не супраць гэтага. Але галоўнае для нас – гэта максімальна аб’ектыўна падаваць інфармацыю. Аб’ектыўна падыходзіць да ўсіх тых праблем, якія ўзнікаюць у жыцці, да іх вырашэння. І я ганаруся, што “Народная воля” можа лічыцца самай аб’ектыўнай газетай у Беларусі.

РР: Спадар Іосіф, я так разумею, вы паверылі ў шчырасць Аляксандра Лукашэнкі. Зараз ёсць шмат каментароў, што ён грае перад выбарамі для электарату, які мусіць за яго галасаваць.

Іосіф Сярэдзіч: Якіх толькі магчымасцяў палітык не выкарыстоўвае… Нават прэс-канферэнцыю. Калі б не выкарыстоўваў, то не быў бы сёння кіраўніком краіны. Галоўнае, што ўчора мы маглі ўжо спрачацца, што я, напрыклад, і рабіў. Ведаеце, калі я ўчора расклаў па палічках нашыя адносіны з Міністэрствам інфармацыі на ўсю краіну, дык што тут дрэннага?! Гэтыя стасункі можна назваць нармальнымі?!

РР: Ну, так. Але Лілія Ананіч не прыйдзе на стажыроўку ў вашу газету. Яна пойдзе ў “Савецкую Беларусь”, каб навучыцца журналістыцы.  

Іосіф Сярэдзіч: Я думаю, што яна ўвогуле хутка пойдзе на пенсію. Сёлета ў яе падыходзіць тэрмін. А зараз модна, калі пенсіянеры ідуць вучыцца. Таму чаму вы думаеце, што яна не прыйдзе? Лёгка можа папрасіцца.

РР: Я хацеў бы пагаварыць яшчэ пра адзін аспект. Вы 7 гадзін былі там і слухалі выступ Аляксандра Лукашэнкі. Што вы для сябе падкрэслілі важнага, новага ў гэтай прэс-канферэнцыі? Што хацеў данесці нам кіраўнік краіны?

Іосіф Сярэдзіч: Самае галоўнае, што я пачуў з яго вуснаў, – мы ўсе разам павінны захоўваць нашу Беларусь, берагчы яе. І тая небяспека, якая насунулася на нашу краіну, можа быць адсунута толькі агульнымі намаганнямі. І калі верыць Аляксандру Рыгоравічу, то ён будзе змагацца да апошняга патрона. Зноў жа – калі верыць. І пакуль што я веру.

РР: Вы кажаце, што калі яму можна верыць. А я вось памятаю, як раней Аляксандр Лукашэнка казаў, што беларусы – гэта тыя ж самыя расейцы, толькі лепшай якасці. Што змянілася, паводле вас, у гэтым стаўленні Аляксандра Лукашэнкі?

Іосіф Сярэдзіч: Ведаеце, я сёння не чапляўся б за тыя словы. Кожны чалавек укладае ў кожнае слова свой сэнс. І я не думаю, што ён меў на ўвазе, што мы на 100% расейцы. Не. Тым больш ён дзясяткі разоў падкрэслівае, што ў нас ёсць адметныя рысы, што мы менавіта беларусы, а не расейцы. А ў агульным плане як палітык, як прэзідэнт ён скіроўвае свае думкі на шырокі электарат. Я б сказаў, што ў яго ёсць звычка метафарычна выказвацца. І ён ведае, чаго гэтым чынам дасягае. І я думаю, што ўзгаданыя ў час прэс-канферэнцыі суверэннасць, самастойнасць, незалежнасць Лукашэнка будзе бараніць усімі магчымымі сродкамі. І я падтрымліваю гэта. Дай Бог, каб атрымалася!

Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле.

Гутарыў з Іосіфам Сярэдзічам Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН