Перамовы ў Менску скончыліся абменам прапаноў
Прадстаўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў Менску перадалі ўкраінскаму боку свае прапановы па ўрэгуляванні канфлікту і атрымалі прапановы ад Кіева. Ніякіх дамоўленасцяў не дасягнута, украінскі бок будзе вывучаць атрыманыя прапановы. Пра гэта паведаміў журналістам у Нацыянальным аэрапорце Менск прадстаўнік Данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін перад тым, як пакінуць Беларусь. Паводле яго слоў, цяпер галоўнае патрабаванне – спыненне агню. Як адзначыў паўпрад ЛНР Уладзіслаў Дэйнэга, сёння бакі „абмяняліся бачаннем сітуацыі”.
– Кіраўнікі рэспублік абавязаны цяпер знаходзіцца са сваімі грамадзянамі, супраць якіх сёння праводзіцца практычна генацыд, прадухіляць гэтыя абстрэлы, а таксама ліквідаваць наступствы гэтых абстрэлаў. Украінскі бок прапанаваў свой варыянт, які зараз намі вывучаецца, мы працягваем настойваць на галоўным: зараз трэба прадухіліць гібель мірнага насельніцтва.
Дэйнэга падкрэсліў, што цяжкі ўзбраенні неабходна адводзіць і далей потым садзіцца за стол перамоваў.
У сваю чаргу Пушылін адзначыў, што лінія супрацьстаяння бакоў зрушылася далей ад буйных гарадоў ДНР і ЛНР, чым гэта было прапісана ў менскіх дамоўленасцях.
Ён паведаміў, што кіраўнікі самаабвешчаных рэспублік прыедуць на перамовы ў Менск толькі на падпісанне выніковага дакумента, і калі будзе спынены абстрэл гарадоў.
* * *
Другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма заявіў пра зрыў запланаванага на 31 студзеня раўнда кансультацый з прадстаўнікамі самаабвешчаных ДНР і ЛНР.
„Кансультацыі па Плану выканання Менскіх дамоўленасцяў, які змяшчае пералік канкрэтных мер, накіраваных на больш хуткую дээскалацыю сітуацыі, былі сарваныя ў сувязі з няяўкай падпісантаў Менскіх дакументаў Захарчанкі і Платніцкага, ўльтыматыўнымі заявамі іх прадстаўнікоў Пушыліна і Дэйнэгі, а таксама іх адмовай абмяркоўваць План мерапрыемстваў па неадкладнаму спыненню агню і адводзе цяжкіх узбраенняў”, – сказаў Леанід Кучма. Раней прадстаўнікі баевікоў вылучылі ўльтыматыўныя патрабаванні аб аднабаковым спыненні агню з боку ўкраінскіх уладаў, піша „Інтэрфакс-Украіна”. Другі прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што чакае ўжо ў самы бліжэйшы час афіцыйнай рэакцыі з боку Расійскай Федэрацыі.
* * *
Украінскі бок прадстаўляе Леанід Кучма, Расею – яе пасол ва Украіне Міхаіл Зурабаў. Раней у Нацыянальны аэрапорт Менск прыбылі прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік: ДНР – Дзяніс Пушылін, ды ЛНР – Уладзіслаў Дайнега.
У аэрапорце Пушылін паведаміў журналістам, што з’явілася інфармацыя пра падпісанне ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам Указа аб прызначэнні Леаніда Кучмы паўнамоцным прадстаўніком Украіны на перамовах.
А перамовы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны могуць адбыцца ў Менску 31-га студзеня ўвечары, паведамляе Бі-бі-сі. Кантактная група падрыхтавала новы дакумент і спадзяецца падпісаць яго ў беларускай сталіцы.
* * *
Трохбаковая кантактная група падрыхтавала новы дакумент па Украіне і спадзяецца падпісаць яго сёння ў Менску.
Пра гэта паведамілі БелТА ў АБСЕ. Дакумент уключае канкрэтныя крокі, якія павінны забяспечыць рэалізацыю першачарговых крокаў, накіраваных на дээскалацыю канфлікту. У АБСЕ ўдакладнілі, што дакумент быў канчаткова падрыхтаваны яшчэ 29 студзеня.
У АБСЕ падкрэсліваюць, што трохбаковая кантактная група гатовая адправіцца ў Мінск, каб правесці новы раунд кансультацый і ўхваліць дасягнутыя дамоўленасці з падпісантамі менскіх дакументаў ад 5 і 19 верасня.
Акрамя таго, як растлумачылі ў АБСЕ, прадстаўнікі групы зыходзяць з разумення таго, што павінны быць дасягнутыя далейшыя практычныя вынікі. Таксама маецца на ўвазе магчымасць неабмежаваных паставак прадметаў першай неабходнасці і гуманітарнай дапамогі ў закранутыя канфліктам раёны Данецкай і Луганскай абласцей, роўна як і рэальны прагрэс у плане вызвалення палонных.
Напярэдадні прадстаўнік тэрарыстаў „ДНР” Дзяніс Пушылін заявіў, што атрымаў інфармацыю з беларускага МЗС аб адмене чарговага раўнда перамоваў.
* * *
Экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма прагназуе, што чарговы раўнд перамоваў трохбаковай кантактнай групы ў Менску па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе адбудзецца. Кучма сказаў, што 31 студзеня раніцай накіруецца ў Менск
Ён адзначыў, што пакуль вядзецца падрыхтоўчая праца і ідуць кансультацыі адносна пазіцыяў усіх бакоў.
Плітычны аглядальнік Валер Карбалевіч каментуючы адсутнасць прадстаўніка Украіны ў Менску адзначае:
– Я думаю, што ўсё лепей гутарыць, гаварыць, адна сустрэча ў 10-ці дасць вынікі і спыніць вайну.Трэба збірацца і гутарыць. Вядома, што і з тэрарыстамі вядуцца перамовы. Што адбываецца з боку Кіева, які разлікі – мне цяжка каментаваць.
Трохбаковая кантактная група па сітуацыі на Усходзе Украіны працягвае працаваць над арганізацыяй сустрэчы ў Менску.
Афіцыйны Кіеў гатовы праводзіць сустрэчу толькі з падпісантамі Менскіх дамоўленасцяў паведаміў спікер МЗС Украіны Яўген Перабійніс.
***
МЗС Украіны не пацвярджае інфармацыю пра дамоўленасць адносна правядзення трохбаковай сустрэчы ў Менску.
Такім чынам спікер МЗС Яўген Перабійніс пракаментаваў паведамленне МЗС Беларусі адносна пасяджэння групы ў Менску 30-га студзеня.
„На дадзены момант не можам пацвердзіць інфармацыю пра дасягненне канчатковых дамоўленасцяў адносна правядзення чарговага пасяджэння трохбаковай кантактнай групы”, – сказаў Перабійніс.
„Па наяўнай інфармацыі, трохбаковая кантактная група цяпер працягвае кансультацыі пра узгадненне ўсіх пытанняў, звязаных з сустрэчай, у тым ліку – адносна фармату удзельнікаў гэтай сустрэчы”, – дадаў ён.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык раней паведаміў, што кантактная група мае намер сабрацца ў Менску для чарговага раўнда перамоваў па вырашэньні крызісу на ўсходзе Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота news.tut.by
