Менскае „Дынама” ў хатнім матчы адолела „Спартак”



Хакеісты менскага „Дынама” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ выйгралі ў маскоўскага „Спартака” з лікам 4:3. На 6-й хвіліне матчу форвард „зуброў” Ігар Мартынаў адкрыў лік.

Госці адыграліся на 16-й хвіліне, калі нападнік „Спартака” Ілля Зубаў рэалізаваў большасць і аднавіў раўнавагу. Праз 18 секунд пасля старту другога перыяду форвард масквічоў Робін Ганзл вывеў сваю каманду наперад. Дынамаўцы сабраліся з сіламі, і ў сярэдзіне перыяду Шэйн Прынс зраўняў лік, рэалізаваўшы большасць. Праз шэсць хвілін яго падтрымаў аднаклубнік Яўген Дадонаў. На 42-й хвіліне „зубры” ў контратацы павялічылі адрыў ад „чырвона-белых” да двух шайбаў. Аўтарам гола стаў Аляксандр Кітараў. Пасля гэтага хакеісты „Спартака” дадалі ў тэмпе і за сем хвілін да сірэны скарацілі адставанне да адной шайбы – вызначыўся форвард Каспарс Даўгавіньш. Аднак перавесці гульню ў овертайм гасцям не ўдалося. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта згуляюць 25 студзеня на лядовай пляцоўцы „Мінск-Арэны” супраць чарапавецкай „Северсталі”.

Ягор Герасімаў выйшаў у 1/32 фіналу Australian Open

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў, які мае 98-ы нумар сусветнага рэйтынгу, паспяхова стартаваў на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў Мельбурне. У першым раўндзе адзіночнага разраду беларус адолеў у пяцісэтавым паядынку нарвежскага тэнісіста Каспера Руда – 6:3, 7:6, 1:6, 4:6, 7:6. Матч працягваўся 3 гадзіны 35 хвілін. У 1/32 фіналу Ягор Герасімаў згуляе з сёмай ракеткай свету Аляксандрам Зверавым з Нямеччыны. Ілля Івашка, які прабіўся ў асноўную сетку праз кваліфікацыю, таксама правёў на корце „Мельбурн Парку” пяць партый, саступіўшы за чатыры гадзіны паўднёваафрыканцу Кевіну Андэрсану – 4:6, 6:2, 6:4, 4:6, 6:7. У жаночым адзіночным разрадзе беларуска Аляксандра Сасновіч прайграла бельгійцы Грэце Мінэн – 6:7, 6:4, 5:7.

Нечакана хуткім апынуўся вылет з турніра 12-й ракеткі планеты Арыны Сабаленкі. У першым туры яна прайграла 54-й у сусветным рэйтынгу іспанцы Карле Суарэс-Навара з лікам 7:6, 7: 6. Летась Сабаленка выйшла ў трэці раўнд Australian Open.

Беларускія футбалісты перамаглі фінаў у розыгрышы Кубка развіцця

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі  святкавалі другую перамогу ў розыгрышы Кубка развіцця ў Менску. У матчы другога тура папярэдняй групы А беларусы сустракаліся з камандай Фінляндыі і выйгралі з лікам 2:1. Усе галы ў гэтым паядынку былі забітыя ў другім тайме. На 43-й хвіліне гульні Арцём Васільеў вывеў беларусаў наперад, праз 20 хвілін фіны з пенальці аднавілі раўнавагу, а літаральна праз хвіліну Кірыл Зіновіч забіў пераможны мяч. На старце турніру падначаленыя Андрэя Скарабагацькі разграмілі аднагодкаў з Узбекістана 4:1, а 23 студзеня завершаць групавы этап сустрэчай з камандай Бельгіі.

Менскае «Дынама» падпісала харвацкага абаронцу

Кантракт з менскім «Дынама» падпісаў 27-гадовы харвацкі абаронца Карла Бручыч, паведамляе афіцыйны сайт клуба. Карла з’яўляецца выхаванцам футбольнай акадэміі загрэбскага «Дынама», праўда, за асноўны склад бела-сініх Бручыч не згуляў ні матчу, хоць фармальна і стаў чэмпіёнам краіны ў складзе гэтага клуба ў 2011 годзе. За гэтыя гады ён выступаў за загрэбскі «Лакаматыў», ізраільскі «Ашдод». А зімой  2019 года перабраўся ў Японію, у «Саган Тосу», аднак ужо летам пакінуў каманду. За японцаў Бручыч згуляў у 9 гульнях. У верасні абаронца падпісаў кантракт з літоўскай «Судувай», дзе таксама згуляў у 9 матчах, забіў 2 галы і аддаў 5 выніковых перадач.

Беларускія спартоўкі заваявалі тры медалі на турніры па боксе ў Сербіі

Беларускія спартоўкі заваявалі 1 залаты і 2 бронзавыя медалі на міжнародным турніры па боксе сярод жанчын „Кубак нацый”, які прайшоў у сербскім Сомбарэ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі бокса. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася Кацярына Кавалёва ў вагавай катэгорыі звыш 81 кг, якая перамагла ў фінальным паядынку расіянку Крысціну Ткачову з лікам 3:2. Беларускі Юлія Апанасовіч і Вікторыя Кебікава  сталі ўладальніцамі бронзавых узнагарод. Гэты турнір для беларускіх спартовак стаў этапам падрыхтоўкі да турніру алімпійскай кваліфікацыі, які пройдзе ў Лондане з  13 па 23 сакавіка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by