Чаму беларусы пераселі на “Жыгулі”?



Намеснік старшыні праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Варывода распавёў пра тое, чаму ў сёняшніх умовах беларускія аўтааматары аддаюць перавагу расейскім машынам.

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя апублікавала вынікі продажаў новых аўто ў Беларусі ў 2019 годзе. Агулам было прададзена больш за 65 тысяч машын. Каля 10% з іх беларускай вытворчасці. 80% аўто зроблены ў Расеі, каля 8% – у Еўразвязе.

Пяць гадоў запар самым папулярным аўто быў «Фольксваген Пола», аднак цяпер у лідарах – “Лада”. На другім месцы – “Рэно”, на трэцім – “Фольксваген”.

Сяргей Варывода: Каля шасці гадоў таму “АўтаВАЗ” устойліва займаў першае месца па продажы новых аўтамабіляў на рынку Беларусі. Затым на працягу шасці гадоў ён страціў першынство і на першае месца паднялася марка “Рэно”, якая, да слова, знаходзіцца з “АўтаВАЗам” у складзе аднаго альянса.

А пасля аднаўлення аўтамабільнага рада і яго пашырэння папулярнасць “Лады” ў Беларусі пачала расці. Звяртае на сябе ўвагу, што доля маркі “Лада” ў Беларусі большая, чым у Расеі і Казахстане.

І сакрэт поспеху гэтай машыны у Беларусі просты – абнаўленне мадэляў, добры дызайн і бюджэтны кошт, які па кішэні беларусам. Трэба адзначыць і добрую дылерскую сетку, якая была пабудавана ў нашай краіне.

РР: Ці вязуць зараз беларусы машыны з Еўропы?

Сяргей Варывода: Згодна з нашай статыстыкай, 80 адсоткаў аўтамабіляў, якія прадаюцца ў Беларусі, зроблены ў Расеі. Аўта з Еўразвяза складаюць усяго 8 адсоткаў, і вязуць у асноўным прэміяльныя маркі – у першую чаргу “Аудзі”.

Увесь бюджэтны сегмент даўным-даўно перамясціўся ў Расею, дзе наладжана вытворчасць замежных марак аўтамабіляў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота minsk-lada.by