Юрась Беленькі: А чаму не шукаюць курапацкіх вандалаў?



Намеснік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі выказаў сваё стаўленне да інцыдэнту з помнікам Пушкіну і ўзгадаў пра факты вандалізму ў Курапатах.

Як вядома, у Менску адбыўся інцыдэнт з помнікам Аляксандру Пушкіну: хтосьці размаляваў чырвонай фарбай рукі помніка, і аўтара перформанса як быццам ужо міліцыя знайшла.

А чаму беларускія праваахоўнікі ўжо доўгі час не могуць знайсці тых вандалаў, якія пашкодзілі помнікі ў Курапатах?

Юрась Беленькі: Калі патрэбна дагадзіць расейцам ці адправіць за краты кагосьці з апазіцыі, то тут беларуская міліцыя наперадзе ўсіх. А вось пашкодзілі тую ж „Лаву Клінтана” ў Курапатах, пашкодзілі памятны знак у мемарыяле і да гэта часу цішыня. Тут праваахоўнікі бяссільныя, не могуць нікога знайсці.

Здаецца, каля пяці гадоў таму нашы сябры позна ўвечары злавілі ў Курапатах юных вандалаў. Пры гэтым у машыне на дарозе іх чакалі дарослыя, так званыя прадстаўнікі “рускага свету”. І што ў выніку? Міліцыя не давяла справу да канца, бо быццам бы не было доказаў вінаватасці маладых людзей. Хаця іх злавілі на месцы, дзе яны ўчынялі акт вандалізму, і адразу выклікалі праваахоўнікаў.

РР: Яны не зацікаўлены, каб такія справы даходзілі да суда?

Юрась Беленькі: Палітычны рэжым Беларусі не зацікаўлены, бо трэба дагадзіць Расеі, дзе зараз ідзе ўсхваленне Сталіна. Пры гэтым працэсы гэтага ўсхвалення ідуць паралельна і ў Расеі, і ў Беларусі. Таму, хто будзе праводзіць паўнавартаснае расследванне па фактах вандалізму ў Курапатах? Міліцыя наадварот закрывае гэтыя справы. І робіць усё, каб вандалаў не знайшлі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя