Алег Волчак: Хачу абараніць не сябе, а ўсіх грамадзян
Кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак распавёў пра тое, якой рэакцыі ён чакае ад Генпракуратуры на сваю скаргу.
Як вядома, Алег Волчак накіраваў генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку скаргу ў сувязі з ператрусамі, якія прайшлі ў яго кватэры 3 студзеня.
Нагадаем, што падазраванага ў забойстве жанчыны, парэшткі якой знайшлі ў Свіслачы, затрымалі. Ім аказаўся 26-гадовы замежнік. Раней па гэтай справе ў кватэры Волчака правялі ператрусы.
Алег Волчак: Пакуль адказу з пракуратуры няма, мяркую, разглядаць яе будуць каля месяца.
Але я, шчыра кажучы, асабліва не разлічваю на нейкі суперэфект. Мэта падачы маёй скаргі – аднавіць законнасць. Заклікаць праваахоўнікаў, каб тыя выконвалі крымінальна-працэсуальны кодэкс і Канстытуцыю. А ўсё гэты было парушана падчас ператрусу ў маёй кватэры.
Не трэба, каб такая практыка працягвалася не толькі ў дачыненні да праваабаронцаў, але і да ўсіх грамадзян Беларусі.
РР: Некаторыя крытыкавалі, што вы акцэнтавалі ўвагу на тым, што ператрус прайшоў менавіта ў праваабаронцы…
Алег Волчак: Я нічога не акцэнтаваў, акцэнты рабілі прадстаўнікі СМІ. І асобныя людзі насамрэч пакрыўдзіліся: маўляў, калі ператрус прайшоў у праваабаронцы, то гэта пераслед, а, калі ў простага чалавека, то гэта – норма.
Але я якраз і хачу зараз не сябе асабіста абараніць, а ўсіх грамадзян. Разумею, што мы не жывем у дэмакратычным грамадстве і наўрад ці я атрымаю прабачэнні ад сілавікоў, але ў любым выпадку па факце маёй скаргі пройдзе пракурорская праверка і службовае расследаванне. І, можа быць, негалосна звернуць увагу на ператрусы, якія праходзяць па іншых крымінальных справах, на агульныя памылкі.
А я зараз падрыхтую відэаблог, дзе буду тлумачыць людзям, як весці сябе падчас вобшукаў, якія пры гэтым ёсць правы ў следчых і грамадзян. Таму і з гэтай непрыемнай сітуацыі можна для сябе вынесці нешта карыснае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя