Аліна Талай узначаліла сусветны топ-ліст
Адна з вядучых беларускіх лёгкаатлетак Аліна Талай ў пачатку новага сезону дамаглася высокага дасягнення ў бегу на 60 м з бар’ерамі. Вынік, паказаны ёю на турніры ў аўстрыйскай Вене, стаў лепшым у гэтым годзе. У аўстрыйскай сталіцы Аліна Талай прабегла 60 м з бар’ерамі за 8,00 секунд. Не толькі перамогшы на дыстанцыі, але і паказаўшы лепшы вынік сусветнага сезона. Раней у кар’еры (у 2013 годзе) беларуска пераадольвала гэтую дыстанцыю яшчэ хутчэй – за 7,94 сек. А што тычыцца венскага турніру, то на ім Талай стала пераможцай і на „гладкай” 60-метровай дыстанцыі з вынікам 7,43 сек. Гэтых дасягненняў атлетка дамаглася пад кіраўніцтвам новага асабістага трэнера аўстрыйца Піліпа Унфрыеда, паведамілі ў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. У статусе яўнага фаварыта гэтай дысцыпліны Талай рыхтуецца выступіць на буйных міжнародных спаборніцтвах у закрытых памяшканнях „Руская зіма” ў Маскве 1 лютага.
Беларускае Радыё Рацыя