Тыдзень малітваў за еднасць хрысціянаў
З 18-га па 25 студзеня ў Беларусі ў шматлікіх рыма-каталіцкіх храмах праводзяцца малітоўныя сустрэчы прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесіяў у рамках „Тыдня малітваў за еднасць хрысціянаў”. Хаця ў Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі яшчэ няма такой багатай гісторыі правядзення, як у Польшчы, ці Італіі, але выклікі часу змушаюць да добрай волі паяднання ўсіх, хто веруе ў Хрыста Ісуса.
Кажа ксёндз-канонік Антоні Грэмза:
– Ужо ў нашай дыяцэзіі гэтыя малітоўныя сустрэчы адбываюцца дзясяты раз. І хацелася б, каб было як мага больш хрысціянаў розных канфесій. Але і так мы лічым, што гэта першыя крокі. Бо гэта традыцыя, якая зараджаецца. Ніколі гэтага не было. Адгукаюцца і праваслаўныя вернікі, Епархія пасылае свайго святара. Заўсёды з намі ёсць і лютэранскі пастар. Ёсць у апошнія гады з намі прадстаўнікі “пяцідзесятнікаў”, хрысціяне веры евангельскай.
“Тыдзень малітваў за еднасць хрысціянаў” праходзіць па-рознаму. Але ў часе малітваў ёсць агульныя часткі, якія не супярэчаць духу хрысціянства. З іх і складаюцца сустрэчы хрысціянаў. Кажа Антоні Грэмза:
– Частка Літургіі божага слова – гэта фундаментальная частка. Ёсць прамова кожнага прадстаўніка, кожнай канфесіі. Ёсць перадача знака супакою, абрад запальвання святла, што мы ўсе пакліканы да святла і да жыцця ў Езусе Хрысце. І гэта нас аб’ядноўвае. І цяжка сказаць, што ёсць нейкая літургічная еднасць, але тая духоўная еднасць, тыя крокі да паяднання робяцца, і мы бачым, што гэта патрэбна не толькі каталікам, але і прадстаўнікам іншых канфесій.
2019-ты год быў асабліва драматычны для хрысціянаў свету. Паводле справаздачы агенцыі Opendoors, пераслед хрысціянаў параўноўваецца з генацыдам. За год было сярод пераследаваных 260 мільёнаў вернікаў. Гэта на 15 млн. больш за папярэдні год. Каля трох тысячаў забітых, і больш за тры тысячы сямсот – зняволеных. Дзесяць тысяч цэркваў пацярпелі ад нападаў. Штодня забівалі 8 чалавек паводле іх веры. Такія негатыўныя выклікі мусяць абудзіць хрысціянскі свет для паяднання і малітвы.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота msj.by