«Дачны сезон. Нацюрморты» ад Наталлі Дораш
60 нацюрмортаў- фотаздымкаў ад вядомага фатографа з Гародні Наталлі Дораш прадстаўлена ў Гародні на выставе «Дачны сезон. Нацюрморты», што адчынілася ў Цэнтры Гарадскога жыцця.
Распавядае аўтарка Наталля Дораш:
– Захапленне, якое я стала паказваць у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», мае дачныя букеты, нацюрморты, сталі карыстацца вялікім поспехам. Сёр’ёзныя фотаздымкі, якія я таксама паказвала, набіралі мала лайкаў. Як толькі выкладу нейкі букет, для мяне было проста яго зрабіць, адразу ішлі 500, 600, 800 лайкаў. Людзям вельмі падабалася. І таму Ірына прапанавала зрабіць выставу.
На думку куратаркі выставы, рэдактаркі спецпраектаў Hrodna.life Ірыны Новік экспазіцыя падымае настрой у змрочны зімовы час:
– Выстава Наталлі Дораш складаецца з вельмі сонечных, яркіх выяваў – гэта кветкі, яблычкі, нейкія лісты, памідоры, агуркі. Увогуле ўсё, што можа вырасці на лецішчы, усё, што там недзе валяецца ў траве, Наталля збірае і складае ў такія кампазіцыі і робіць проста фантастычныя здымкі, каторыя дакладна можна назваць творамі мастацтва.
Стваралася выстава цягам апошніх 9 год, а паглядзець прыгожыя здымкі ад Наталлі Дораш магчыма ў Гародні да 22 лютага 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча