Справа «за мыла на вяровачцы» закончылася міравым пагадненнем



Завод адмовіўся ад сваіх патрабаванняў у поўным аб’ёме, а таксама абавязаўся сплаціць палову выдаткаў на паслугі адваката. Закончылася справа «за мыла на вяровачцы».

У кастрычніку мінулага году «Рэгіянальная газета» апублікавала фота ад чытача, на якім відаць кавалкі гаспадарчага мыла, прывязаныя вяроўкамі да ракавінаў. Сцвярджалася, што фота зробленае ў прыбіралні заводу, а мыла прывязваюць, «каб не скралі». Спачатку прадпрыемства судзілася з выданнем за гэтыя фотаздымкі. Але зараз Маладэчанскі завод парашковай металургіі і «Рэгіянальная газета» дасягнулі міравога пагаднення. Завод-пазоўнік адмовіўся ад сваіх ранейшых патрабаванняў — публічна выбачыцца і абвергнуць матэрыял, кажа дырэктар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч.

– Да нас звярнуліся прадстаўнікі завода. Мы гэта абгаварылі. Яны прапанавалі такі варыянт. Мы пагадзіліся. Пазванілі, мы сустрэліся. Яны прапанавалі гэты варыянт. Мы склалі міравое пагадненне, дзе ўказалі пазіцыі, што пазоўнік адмаўляецца ад сваіх патрабаванняў. Падпісалі гэтую паперу два бакі, паслалі ў суд і папрасілі разглядзець без нашага ўдзелу.

«Рэгіянальная газета» цалкам задаволенае тым, як скончылася справа. Асабліва, што датычыць скасавання прэтэнзіяў, сказаў дырэктар выдання.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя