Ці можна ў год выбараў чакаць умяшальніцтва Расеі ў справы Беларусі?
Кандыдат у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах-2010 Уладзімір Някляеў адзначае, што Расея можа націснуць на беларускія ўлады і палітычна, і эканамічна.
“Што тычыцца расейскага нашызму, – заявіў на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка. – Расіі да гэтага справы няма. Мы, рускія людзі, будзем ваяваць з рускімі? Вы як гэта ўяўляеце, што мы будзем ваяваць? У нас занадта шмат праблем, якія трэба вырашаць. А калі ёсць разумнікі, якія любяць палкі ў колы ўстаўляць, свядомыя, якія лічаць, што беларуская зямля, гэта ўжо частка „рускага свету”, забудзьцеся. Беларусь — гэта незалежная дзяржава. Мы сваю зямлю нікому не аддамо. За маёй спінай стаяць сотні тысячы такіх людзей узброеных”.
Уладзімір Някляеў: Падстаў для таго, каб не чакаць расейскага ўмяшальніцтва, маючы на ўвазе, тое, што адбываецца ва Украіне, няма ніякіх.
РР: Да якіх мераў уздзеяння можа прыбегнуць Масква?
Уладзімір Някляеў: Перш-наперш эканамічнае ўздзеянне, што ў адносінах да Беларусі аўтаматычна перарастае ў палітычнае. Ужо сёння відавочна, што стрымліваецца самастойная палітыка Беларусі рознымі метадамі. Гэта безумоўны фактар, які існуе зараз, і, думаю, нікуды не знікне заўтра. Па-другое, больш будуць уключацца моцныя палітычныя ўплывы, таму што дактрына “русского мира”, як мы бачым, успрымаецца ў Расеі гэдкім чынам, што паўсюль “русский мир” – гэта паўсюль рускае. І шмат па якіх прыкладах гэта ўжо відавочна. У Расеі пачаліся нервовыя ўскрыкі пра беларускі нацыяналізм на падставе нейкіх вышыванак, пра знішчэнне рускамоўных школаў і гэдак далей. Беларусь з’яўляцца ў разуменні Расеі неад’емнай часткай «русского мира», таму выпускаць яе з зоны свайго ўплыву ніхто не збіраўся і не збіраецца. Пры гэтым на ўсіх узроўнях – як на ўзроўні кіраўніцтва, так і на ўзроўні тых людзей, якія гэтае кіраўніцтва падтрымліваюць. Так што, баюся, што палітычныя падзеі могуць развівацца такім чынам, што падчас выбараў мы будзем мець калі не ваенны стан, то нешта такое, якое назавуць іншым словам. Як дэвальвацыю назвалі “падаткам”. Я не прагназую ў стасунках Расеі і Беларусі ніякіх адносінаў, якія маглі б задаволіць беларускі бок. Як дэмакратычны, гэдак і ўладны.
РР: На ваш погляд, якім чынам беларускае кіраўніцтва можа адрэагаваць на гэта, калі такі сцэнар насамрэч будзе?
Уладзімір Някляеў: Будзе колькі здолее круціцца. Гэта ўжо відно па тых контрфармулёўкаў, якія мы чуем на адпаведныя папрокі Расеі. Мне вельмі спадабалася фармулёўка, што датычылася мовы – маўляў, беларуская мова – ледзь не разнавіднасць рускай… Таму няма іншага выйсця. Толькі вылузвацца і выкручвацца. Бо не было заяўлена адразу самастойная пазіцыя ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы. Усё было завязана на расейскі рынак і расейскую эканоміку. Гэтая аднавектарнасць палітыкі пры кволых-кволых спробах зрабіць яе шматвектарнай прывяла да таго, да чаго прывяла.
РР: Якую пазіцыю ў гэтай сітуацыі, па-вашаму, займае беларускае грамадства? Што яму бліжэй: незалежнасць ці «русский мир»?
Уладзімір Някляеў: Усё-такі на сёняшні дзень, калі не большасць, то і не меншасць беларусаў усведамляе сябе, калі не цалкам асобна ад “русского мира”, то і не існаванне ў ім. Але гэтае ўсведамленне не асноўваецца на нейкіх грунтоўных падмурках гістарычнай глыбіні, нацыянальнай тоеснасці. У нас жа ўвесь час хочуць, каб толькі не пакрыўдзіць Расею. Адных вышыванак, знешніх прыкметаў нацыянальнай самастойнасці, недастаткова, каб рэальна супрацьстаяць сіле, якую ўяўляе на сёняшні дзень Расея. Дарэчы, беларускія сілавыя структуры – гэта ўжо рэальны “русский мир», які ніхто не вычысціць. У любы момант гэтыя падпоркі могуць абваліцца, а з ім абваліцца і незалежнасць Беларусі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя