Relikt прэзентуе новы альбом у Менску



Вялікая прэзентацыя новага шостага студыйнага альбома “Дрэва жыцця” гурта Relikt адбудзецца ў клубе Re:Public 31 студзеня.

Наведнікаў канцэрта чакаюць шмат сюрпрызаў, якія ўдзельнікі гурта трымаюць у сакрэце. „Цяпер мы рупімся над тым, каб са сцэны альбом „Дрэва жыцця” прагучаў нават насычаней і драйвовей, чым на запісе, карацей – эпічна”, – кажа лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Апроч візітнай карткі Relikt – незвычайных гітарных эфектаў і шматстайнай перкусіі – на канцэрце можна будзе пачуць рэдкія этнічныя інструменты: глюкафон ручной працы з нестандартным строем, аўтэнтычныя беларускія дудкі, вістл.

У другім аддзяленні музыкі выканаюць найлепшыя ды найулюбёнейшыя слухачамі песні за ўсю гісторыю існавання каманды, у тым лiку тыя, што трапiлi на best-складанку “Braslavy Unplugged”, якую гурт выпусцiў як падарунак да Калядаў.

Альбом “Дрэва жыцця” запісваўся і зводзіўся на легендарнай кансолі SSL 4000 з лос-анджалескай студыі кампаніі Yamaha, з якой працавалі Motorhead, Стыві Уандэр, Чэт Аткінс ды іншыя зоркі.

Рэліз атрымаў найвышэйшыя ацэнкі прафесіяналаў музычнай індустрыі і слухачоў, трапіў у топ беларускіх альбомаў года па версіі Onliner, быў рэкамендаваны карыстальнікам сервісу “Яндэкс.Музыка” ў разделе “Новае”.

https://relikt-belarus.bandcamp.com/album/–2

У альбом увайшлі дзесяць унікальных старажытных беларускіх народных песень, сабраных у розных кутках нашай краіны. Навуковымі кансультантамі рэлізу выступілі гісторык, даследчыца традыцыйнай культуры Алена Ляшкевіч і этнограф, спецыялістка ў этнічным спеўным выкананні Ірына Мазюк.

Да таго ж, гэтым разам музыкі звярнуліся да беларускай міфалогіі. Канцэпцыяй дыска стала мастацкае адлюстраванне архетыпічнага вобраза дрэва жыцця, якое, дарэчы, мае свае ўвасабленні ў шматлікіх народаў свету.

Relikt – гурт, які неаднаразова станавіўся пераможцам фестываляў і конкурсаў, а таксама атрымліваў прэміі за найлепшы альбом і відэакліпы ў Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расеі.

Каманда заўжды здзіўляе і ўражвае, бо, напрыклад, мае у сваім арсенале адначасова і бадзёры гімн футбольнага клуба “Крумкачы”, і агучку нямой чорна-белай стужкі “У агні народжаная”.

Relikt аб’ядноўвае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім фальклорам, паказваючы яго ў нязвыклым выглядзе і робячы актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае.

31 студзеня клуб Re:Public, прэзентацыя альбома “Дрэва жыцця” гурта Relikt.