Пікіроўка Масквы і Варшавы



Расейская прапагандысцкая машына пераключылася на новы аб’ект. Вось ужо некалькі тыдняў на галоўных тэлеканалах і на найбольш папулярных сайтах у расейскім сегменце Інтэрнэт праводзіцца атака на польскі гістарычны наратыў. У прыватнасці, пракрамлёўскія публіцысты і вядоўцы крытыкуюць погляд Варшавы на перыяд ІІ Сусветнай вайны і сталінскія рэпрэсіі. Фармальнай падставай для інфармацыйнай вайны сталася ўхваленне польскім парламентам пастановы пра аднолькавую ролю сталінскага СССР і нацыстоўскай Нямеччыны ў развязванні самай крывавай вайны ў гісторыі. У адказ на гэтую пастанову агрэсіўна выказаўся прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, які ў манеры, далёкай ад дыпламатычнага такту, паабяцаў “закрыць паганыя пашчы тым, хто перапісвае гісторыю”. Выглядае на тое, што гэтае выказванне сталася трыгерам для шалёнай антыпольскай кампаніі ў расейскіх СМІ.

Калі падсумаваць асноўныя акцэнты ў тэндэнцыйных матэрыялах, якія гэтымі днямі з’яўляюцца ў пракрамлёўскіх СМІ, то гаворка ідзе ў асноўным пра тое, што Польшча не з’яўляецца безумоўнай ахвярай нацыстаў і СССР. Шматлікія аўтары даводзяць, што ўрады міжваеннай Рэчы Паспалітай актыўна супрацоўнічалі з Берлінам у розных сферах, удзельнічалі ў падзеле Чэхаславакіі і ўвогуле практыкавалі паўсюдны антысемітызм. Апагеем ідэалагічнага супрацьстаяння стала выказванне былога прэзідэнта Расейскага габрэйскага кангрэсу і палітолага Яўгена Сатаноўскага, які ў эфіры адыёзнага ток-шоу Уладзіміра Салаўёва заявіў, што “Ёсіф Сталін “меў рацыю”, даючы загад на расстрэл польскіх вайсковых палонных у Катыні”. Як успрынялася гэтая заява ў Польшчы, агучаная на дзяржаўным тэлеканале ў рэйтынгавай праграме, мяркую, зразумела. Многія польскія высокапастаўленыя асобы і лідары меркаванняў абурыліся такой падачай фактаў, якая зневажае памяць ахвяраў сталінскага рэжыму.

Што цікава, атака крамлёўскіх медыя на Польшчу праходзіць на фоне вельмі важнай даты ў гісторыі чалавецтва ХХ стагоддзя: 75-й гадавіны з моманту вызвалення Чырвонай арміяй нацыстоўскага канцлагера Асвенцым. З гэтай нагоды ў Ізраілі адбываецца шэраг важных падзей, якія наведваюць кіраўнікі вядучых дзяржаваў планеты. Што адметна, нацягнутыя адносіны Масквы і Варшавы адлюстраваліся і на польскім прадстаўніцтве на мемарыяльных мерапрыемствах у Ізраілі. У цэнтры вывучэння Халакосту Яд Вашэм у Ерусаліме будзе нададзенае слова прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну, у той час як кіраўніку Польшчы прымаючы бок адмовіў у прадастаўленні часу на выступ. Такім чынам, у гадавіну вызвалення Асвенцыма не прагучыць пазіцыя Польшчы як краіны, якая без пытанняў з’яўляецца адной з найбольш пацярпелых ад наступстваў ІІ Сусветнай вайны і ў якой пражывала найбольшая колькасць праведнікаў свету – людзей, якія выратоўвалі габрэяў, рызыкуючы сваімі жыццямі.

Адметна, што тэма расейска-польскага супрацьстаяння ў сферы палітыкі памяці можа атрымаць працяг і ў заканадаўстве РФ. Кіраўнік камісіі па культуры Дзярждумы РФ Алена Ямпольская прапанавала ўвесці новую норму ў Закон “Аб увекавечанні подзвіга савецкага народу ў Вялікай айчыннай вайне”, у якой будзе ўтрымлівацца забарона на публічныя выказванні і артыкулы, у якіх дзеянні савецкага кіраўніцтва і салдатаў у гады ІІ Сусветнай вайны прыраўніваюцца да дзеянняў кіраўніцтва і жаўнераў нацыстоўскай Нямеччыны. На першы погляд, усё лагічна. Нацыстоўская ідэалогія “звышнацыі” і створаная з прускай стараннасцю машына смерці не маюць аналагаў у гісторыі чалавецтва. Калі не ведаць нюансаў савецкай даваеннай гісторыі і паводзінаў крамлёўскіх элітаў у гады ІІ Сусветнай вайны, то гнеў расейскай дэпутаткі нібыта можна зразумець. Але, як той казаў, д’ябал хаваецца ў дэталях. Ці можна ставіць на адну палічку нацыстоўскі і савецкі рэжымы? Даследчык савецкіх рэпрэсій, французскі гісторык Нікаля Верт, у адным з інтэрв’ю аднёс сталінізм і нацызм да адной “сям’і” з пункту гледжання функцыянавання таталітарных рэжымаў, пабудаваных на гвалце, але са сваімі спецыфікамі. Калі гаварыць мовай лічбаў, то ў некаторых аспектах сталінскія чысткі дадуць фору карнай сістэме ягонага калегі Адольфа Гітлера. Так што, расейскія ўлады, адмаўляючы злачынствы сталінскага рэжыму, робяць кепскую паслугу самі сабе, паколькі іх народ – адзін з самых пацярпелых на планеце за ХХ стагоддзе. Аднак асэнсаванне трагедыі дзеля міру падмяняецца небяспечным “перамогашальствам”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ