Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай



Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.

Крытэры для падачы кніг: 1) жанр кнігі – паэзія;

2) кніга выдадзеная ў 2019 (кніга, якая была выдадзеная ў 2018, але па нейкіх прычынах не ўдзельнічала ў мінулагодняй прэміі, можа быць пададзеная ў гэтым годзе);

3) мова кнігі – беларуская;

4) кніга павінна быць выдадзеная ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой апублікавана ў кнізе ўпершыню). Больш падрабязна пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца з яе статуту.

Каб падаць заяўку на прэмію, трэба запоўніць форму па спасылцы.

Таксама даслаць электронную версію выдання і вокладку кнігі ў фармаце jpeg на адрас [email protected] (пазначыўшы ў тэме пісьма назву кнігі і аўтара). Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя асобнікі (у колькасці ад 2 да 5) трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (з 11 да 18 гадзінаў у працоўныя дні, адрас: Менск, вул. Кузьмы Чорнага, 31, пакой 906, на дамафоне набраць 47 і званок, тэлефон +375 17 354 80 91). Заяўкі прымаюцца да 13 лютага 2020 года.

Пераможцу вызначаць вядомыя паэты і літаратуразнаўцы, склад журы будзе абвешчаны неўзабаве.

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”. У 2019 прэмію атрымала Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў – за кнігу “Перавыбранае”, а ў 2017 – Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаўБеларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”. Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.