Радзім Гарэцкі: Трэба ўсімі сродкамі змагацца за суверэнітэт



Акадэмік Радзім Гарэцкі патлумачыў, чаму для краіны важна правядзенне Усебеларускага кангрэса за незалежнасць.

Як вядома, такі кангрэс плануецца правесці 15 сакавіка 2020 года, у дзень прыняцця Канстытуцыі 1994 года.

Арганізатары бачаць мерапрыемства «сапраўды ўсебеларускім форумам, які прадставіць інтарэсы дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці». Гэта будзе не столькі з’езд палітычных партый, колькі вялікі сход прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага народу.

У час правядзення тэматычных секцый кангрэса будуць абмеркаваныя розныя аспекты абароны незалежнасці. Адной з галоўных тэм збору стане пагроза «паглыбленай інтэграцыі» з Расеяй.

Радзім Гарэцкі: Пра пагрозу страты незалежнасці краіны трэба казаць увесь час, і інфармацыю даносіць да грамадства ўсімі магчымымі сродкамі. Трэба змагацца за суверэнітэт, бо, калі страцім яго, то вярнуць будзе неверагодна складана.

Таму я ў любым выпадку вітаю правядзенне кангрэса. Я не ведаю, як арганізуюць мерапрыемства, і як яно пройдзе, але сама ідэя мне падабаецца. Лепш зараз біць у званы, чым пасля слухаць памінальны перазвон па незалежнасці. Гэтая тэма сёння – галоўная для краіны.

РР: Як вы ацэньваеце ступень небяспекі для незалежнасці?

Радзім Гарэцкі: Галоўнае – не перацэньваць свае сілы. Мы бачылі падчас вайны ва Украіне, якімі метадамі сёння дзейнічае Расея, а таму не трэба думаць, што нас гэта ніколі не зачэпіць. Украінцы таксама да пэўнага часу так думалі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя