Апазіцыя дамовілася пра вылучэнне адзінага кандыдата ў прэзідэнты



Прадстаўнікі беларускай апазіцыі дамовілася пра вылучэнне адзінага кандыдата ў прэзідэнты на сёлетніх выбарах, паведаміла прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ганна Красуліна.

„Мне даручана паведаміць вам, што апазіцыя дамовілася вылучыць адзінага кандыдата і выпрацавала механізм яго вызначэння. Адзіны кандыдат павінен аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы краіны і стаць лідарам сумеснай барацьбы за вяртанне Беларусі на шлях дэмакратычнага развіцця”, — гаворыцца ў разасланым у СМІ паведамленні.

Пра падрабязнасці кампаніі па вылучэнні адзінага кандыдата лідары апазіцыйных партый і рухаў абяцаюць распавесці на прэс-канферэнцыі ў Мінску 27 студзеня. Паводле інфармацыі прэс-сакратара АГП, удзел у прэс-канферэнцыі возьмуць старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў, а таксама лідары Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Чарговыя выбары прэзідэнта павінны прайсці не пазней за 30 жніўня.

belapan.by

Фота facebook.com/veratinsky