Пачаўся збор сродкаў для арыштаванага Піліпа Шаўрова
Сябра «Маладога Фронту» Піліп Шаўроў знаходзіцца за кратамі, на яго пачата крымінальная справа за расфарбоўку рук помніка расейскаму пісьменніку Пушкіну ў цэнтры Менска.
Фота: t.me/mf_mensk
Бліжэйшыя два месяцы Шаўроў правядзе пад арыштам у СІЗА на Валадарскага. Паплечнікі арганізавалі збор сродкаў для патрыёта, сродкі патрэбныя найперш сям’і Шаўрова і на адваката, кажа старшыня «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч:
– Наконт паказанняў адвакат пакуль нічога не кажа, ці ёсць псіхалагічны ціск, ці ён нешта падпісваў. Ці ён даваў нейкія паказанні, ці афіцыйна прызнана на ўсе 100%, што гэта менавіта ён. Гэтай інфармацыяй мы не валодаем. Мы абвясцілі збор сродкаў ягонай сям’і і на паслугі адваката.
Дзеянні Піліпа Шаўрова па расфарбоўцы рук Пушкіна Дзяніс Урбановіч называе не хуліганствам, а мастацкім перформансам.
У Беларусі належным чынам не ўшанаваныя сотні айчынных герояў, у тым ліку і выбітныя дзеячы літаратуры, затое стаіць помнік чужому паэту Пушкіну, які паказваў у вершах імперскія погляды і лічыў справядлівымі дзеянні Расеі на акупаваных ёй землях.
– У нас шмат сваіх пісьменнікаў – Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў ды шмат іншых. Хаця б вуліцу назавіце ў гонар гэтых людзей. Канешне, я разумею Піліпа, ягоны мастацкі перформанс. Дарэчы, я не бачу там сур’ёзнага хуліганства. Трэба неяк ушаноўваць памяць і сваіх пісьменнікаў. Мы забылі сваё і прапіхваем чужое – Пушкін, Пушкін, Пушкін…
Расейскае пасольства ў Менску будзе намагацца паўплываць на следства, але якім чынам, пакуль невядома. У імперскай прапагандзе часта можна заўважыць словы пра веліч Пушкіна і намёкі на тое, быццам Беларусь да талента гэтага паэта не дарасла. Хаця насамрэч беларусы маюць шмат выбітных паэтаў і павінны шанаваць сваіх, а не чужых. Тым больш Пушкін апяваў дзеянні расейскіх акупантаў на нашай зямлі, — дадаў Дзяніс Урбановіч. Збор сродкаў арыштаванаму патрыёту Піліпу Шаўрову адбываецца на платформе МолаМола.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск