Прадстаўнікі „ДНР” і „ЛНР” з’яжджаюць з Менску (абноўлена)



Сустрэча менскай кантактнай групы па Данбасе не адбылася. Пра гэта заявілі прадстаўнікі так званых ДНР Дзяніс Пушылін і ЛНР Уладзіслаў Дайнега, якія прыбылі ў Менск. Паводле іх, Кіеў не мае намеру дамаўляцца па ўрэгуляванні сітуацыі на Усходзе Украіны. У сваю чаргу ўкраінскі МЗС патрабуе, каб ад баевікоў у сустрэчы бралі ўдзел тыя, хто падпісваў дамову аб прыпыненні агню ў верасні мінулага году. Украінскі журналіст Віталь Портнікаў адзначае, што для дамоўленасцяў хапіла б і прадстаўнікоў Расеі ды Украіны, але калі Масква настойвае на ўдзеле прадстаўнікоў ДНР і ЛНР гэта маюць быць тыя людзі, якія рэальна адказваюць за падзеі на Данбасе.

– Звычайна гэта Захарчанка і Платніцкі – марыянеткі Расеі. Уладзімір Пуцін хоча, каб перамоўны працэс афармляўся як працэс перамоваў з яго марыянеткамі. Падчас першага раўнда перамоваў Захарчанка і Платніцкі ставілі свае подпісы пад дамоўленасцямі, а гэтыя людзі ні за што не адказваюць.

За апошнія тыдні прарасейскія баевікі здзейснілі наступ на пазіцыі ўкраінскіх сілаў, ім удалося пашырыць зону кантролю, і цяпер прадстаўнікі ДНР і ЛНР, якія прыехалі у Менск, прапаноўвалі зафіксаваць лінію размежавання на фактычным сённяшнім стане фронту, а не на меншай тэрыторыі, прадугледжанай у Менскіх пагадненнях з верасня мінулага году.

* * *

Прадстаўнікі так званых „ДНР” і „ЛНР”, якія прыбылі ў Менск на перамовы трохбаковай кантактнай групы, заявілі, што атрымалі паведамленне ад беларускага Міністэрства замежных спраў пра тое, што ўкраінскі бок не прыбудзе на меркаваную сустрэчу.

E3B737D4-4344-466C-8558-7B811F90C1DF_mw1024_s_n

У сувязі з гэтым яны зрабілі для прэсы заяву, паведамляе „Радыё Свабода”.

Дзяніс Пушылін заявіў, што абвастрэнне ў студзені 2015 года звязанае з недамоваздольнай пазіцыяй Украіны. І ў сувязі з гэтым „ДНР” і „ЛНР” былі вымушаныя перайсці ў контранаступ, што з’яўляецца крокам у адказ на абстрэл гарадоў. У выніку дзеянняў гэтых узброеных фармаванняў лінія сутыкнення істотна змянілася, і цяпер „ДНР” і „ЛНР” гатовыя размаўляць пра спыненне агню толькі на фактычнай лініі сутыкнення. Яны гатовыя гаварыць пра адвод цяжкай тэхнікі адпаведна з Менскім пагадненнем, але будуць абапірацца толькі на фактычную лінію.

Пасля гэтага Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнега заявілі пра свой намер пакінуць Менск.

* * *

На перамовах кантактнай групы па Данбасе ў Менску сепаратыстаў з так званых «ДНР» і «ЛНР» прадстаўляюць Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнега. Цяпер яны ў менскім аэрапорце чакаюць прадстаўнікоў украінскага боку.

Каментуючы няяснасці наконт сённяшняй сустрэчы ў Менску, палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч адзначае, што важна, хто прыедзе з Кіева.

– Для таго, каб палітычнае рашэнне было, то трэба каб быў высокі ўзровень. Але не кожны бок хоча дэманстраваць высокі ўзровень, бо наўпроставыя перамовы з ДНР і ЛНР – гэта прызнанне гэтых тэрыторый, таму вось гэтыя перамовы ў Менску носяць такую хітрую назву “кантактная група”. Тут, здаецца, нейкая фармальная дыпламатыя, але на самой справе тут ужо бачыцца і палітыка. Мінулы раз, я так разумею, прадстаўнікі ДНР і ЛНР прыбылі ў Менск, а з Кіева ніхто не прыехаў. Не выключаю, што і цяпер будзе падобная сітуацыя.

Пушылін паведаміў, што яны прыбылі ў Менск пасля сустрэчы ў Данецку з удзелам Захарчанкі, Платніцкага і Медзведчука. Ён таксама сказаў, што для перамоваў па выніках сустрэчы ў Данецку яны падрыхтавалі праект новага пагаднення, якое, на іх думку, не супярэчыць ранейшым менскім пагадненням.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя