Дзірк Шубель: Усходняе партнёрства зблізіла краіны-ўдзельніцы з ЕЗ
За дзесяць гадоў краіны — удзельніцы Усходняга партнёрства прайшлі вялікі шлях. Такое меркаванне выказаў кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дзірк Шубель у сваім выступленні на штогадовай канферэнцыі Беларускай нацплатформы форуму грамадзянскай супольнасці УП 25 студзеня ў Менску.
„Усходняе партнёрства адзначыла сваё 10-годдзе (у 2019 годзе. — БелаПАН.), — сказаў ён. — З самага пачатку рэалізацыі гэтай ініцыятывы я працаваў у гэтым рэгіёне. Было шмат крытыкі наконт Усходняга партнёрства, але гэта крытыка ў асноўным ад тых, хто не ведае, што мы робім. Варта паглядзець, які шлях прарабілі краіны-ўдзельніцы за 10 гадоў сумеснымі намаганнямі. Усходняе партнёрства зблізіла вашы краіны не толькі з ЕЗ, але і паміж сабой”.
Шубель адзначыў, што ў якасці пасла ЕС лічыць прыярытэтным у сваёй працы прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў у Беларусі. „Мая праца тут заключаецца ў тым, каб прынесці больш Еўропы ў Беларусь і больш Беларусі ў Еўропу. І важную ролю ў гэтым можа адыграць грамадзянская супольнасць”, — сказаў ён.
Намеснік пасла Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі адзначыў, што выдатна памятае дыскусіі, якія праходзілі 11—12 гадоў таму, калі абмяркоўвалася ідэя стварэння ініцыятывы „Усходняе партнёрства”. „Польшча, якая разам са Швецыяй была ініцыятарам стварэння Усходняга партнёрства, актыўна ўдзельнічала ў гэтых дыскусіях, — сказаў ён. — З самага пачатку былі энтузіясты і крытыкі гэтага праекта. Я памятаю дзве галоўныя пазіцыі. Адны казалі, што праект не надта амбіцыйны і не дае вялікіх магчымасцяў краінам-партнёрам, а другія — што ён занадта амбіцыйны, чым выклікае асцярогі. Думаю, што гэта дыскусія ў нейкай меры працягваецца да гэтага часу”.
Вайцяхоўскі лічыць неабходным прааналізаваць, што было зроблена ў рамках Усходняга партнёрства за апошнія 10 гадоў і ў далейшым удасканальваць ініцыятыву „Усходняе партнёрства”. „Мы гэта і робім. І нельга казаць, што Усходняе партнёрства — гэта праект, які прызямліўся, так і не узляцеўшы. Гэта не так”, — падкрэсліў ён.
Кажучы пра ўдзел Беларусі ў гэтай ініцыятыве, Вайцяхоўскі адзначыў, што стаўленне Менска да Усходняга партнёрства за 10 гадоў змянілася. Калі ў першыя гады Беларусь была мала ўцягнутая ва Усходняе партнёрства, то цяпер актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі праектаў у рамках ініцыятывы. „Гэта радуе. І я ўпэўнены, што разам мы зробім яшчэ больш”, — сказаў ён.
Усходняе партнёрства (УП) — сумесная праграмная ініцыятыва, накіраваная на паглыбленне і ўмацаванне адносін Еўрасаюза з шасцю ўсходнімі суседзямі ЕС: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.
Фота tut.by